Аліса Рыжычэнка: «Беларусы трацяць каля 40% заробку на ежу – у два разы больш, чым жыхары суседніх краін»
2025-09-23
Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аліса Рыжычэнка растлумачыла, чаму цэны ў Беларусі працягваюць расці, нягледзячы на «ручное рэгуляванне»:
«Заробкі ў Беларусі не паспяваюць за ростам коштаў. Людзі становяцца бяднейшымі, нават калі афіцыйна ім “падвышаюць” зарплату. Найбольш даражэюць тавары паўсядзённага попыту – мяса, малочныя прадукты і напоі. Агульны рост коштаў на харчовыя тавары склаў 9,9%.
Тры гады дзейнічала сістэма “ручнога рэгулявання”, калі бізнесу фактычна забаранялі павышаць кошты. У выніку шмат крамаў зачынілася: каля 43% ад усіх банкруцтваў прыпадае менавіта на дробны і аптовы гандаль. Тыя, хто выжыў, спрабуюць утрымацца за кошт павышэння цэн на прадукты, якія не трапляюць пад рэгуляванне.
Калі крамаў становіцца менш, знікае канкурэнцыя. Гэта асабліва адчувальна ў рэгіёнах, дзе гандлёвыя сеткі, якія засталіся, могуць свабодна паднімаць кошты. Цяпер рэгуляванне часткова адмяняецца для асобных тавараў – і па гэтых пазіцыях інфляцыя ідзе ўверх у два разы хутчэй, чым расла б пры нармальнай рыначнай эканоміцы.
Лукашэнка шмат гаварыў пра “імпартазамяшчэнне”, але многія беларускія тавары па-ранейшаму вырабляюцца з імпартных кампанентаў. Калі лагістыка ўскладненая і дзейнічаюць санкцыі, кошты на іх непазбежна растуць. Пры гэтым варта памятаць: санкцыі – гэта рэакцыя на палітыку Лукашэнкі, яго рэпрэсіі і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны.
Усё гэта асабліва балюча адбіваецца на людзях, бо ў Беларусі вельмі нізкія даходы. Калі жыхары суседніх краін трацяць на ежу 15–20% заробку, то беларусы аддаюць каля 40%. І ўсё гэта – афіцыйныя даныя. Гэтая сітуацыя яшчэ раз паказвае: палітыка Лукашэнкі вядзе да збяднення народу, ізаляцыі краіны і штучнага тармажэння яе эканамічнага развіцця».
@CabinetBelarus
