Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Ці можа Еўропа адчуваць сябе ў бяспецы пасля вучэнняў «Захад-2025»?

2025-09-21

«Вучэнні “Захад-2025” скончыліся, і многія могуць адчуць спакусу з палёгкай уздыхнуць. Ці можа Еўропа зноў адчуваць сябе ў бяспецы? Адказ, на жаль, просты і нядобры: не, не можа», – адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэчы са студэнтамі больш за 30 краін ў Каледжы Еўропы ў Натоліне.

Каледж Еўропы, створаны па ініцыятыве Гаагскага кангрэса, вядзе сваю гісторыю з 1949 года і з’яўляецца найстарэйшай вышэйшай навучальнай установай, якая спецыялізуецца на еўрапейскіх даследаваннях. У Каледжы навучаюцца студэнты з больш чым 30 краін свету, якія ўжо маюць магістарскую ступень у эканоміцы, праве, палітычных навуках і гісторыі.

У якасці спецыяльнага госця Каледжа Еўропы Павел Латушка расказаў, як дыктатар Лукашэнка, ініцыяваўшы стварэнне так званай Саюзнай дзяржавы, даў Расіі інструмент для пазбаўлення Беларусі суверэнітэту і незалежнасці, а таксама падрабязна прадставіў студэнтам сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі і патэнцыйныя пагрозы для бяспекі і стабільнасці ў Еўропе, якія стварае рэжым Лукашэнкі.

Распавядаючы пра пагрозы, якія нясуць з сабой вучэнні «Захад-2025», Павел Латушка адзначыў, што вучэнні «Каўказ-2008» Расія выкарыстала для нападу на Грузію, вучэнні «Захад-2013» былі прыкрыццём для збору расійскіх войскаў, якія былі выкарыстаны для захопу Крыма і для адпраўкі дыверсійных груп у Данецкую і Луганскую вобласці. Пасля вучэнняў «Захад-2021» пачалося поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

«Што аб’ядноўвае ўсе гэтыя прыклады?Ні адзін з нападаў не адбыўся непасрэдна падчас вучэнняў. Заўсёды была паўза, пасля якой вучэнні ператвараліся ў рэальныя ваенныя дзеянні.Гэтая тактыка робіць любыя ваенныя вучэнні каля мяжы патэнцыйнай пагрозай», — адзначыў Павел Латушка.

Кіраўнік НАУ выказаўся пра маштабную правакацыю Расіі і рэжыму Лукашэнкі, падчас якой 19 дронаў увайшлі ў паветраную прастору Польшчы, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, і расказаў студэнтам пра мэты гэтай сумеснай мэтанакіраванй аперацыі Расіі і Лукашэнкі.

Падчас сустрэчы студэнты былі вельмі зацікаўлены сітуацыяй у Беларусі і больш за гадзіну задавалі пытанні Паўлу Латушку пра бяспеку ў нашым рэгіёне, палітычных зняволеных і тое, чым Еўропа і іншыя дэмакратычныя краіны могуць дапамагчы ў нашай барацьбе за вольную, дэмакратычную і незалежную Беларусь.

Гэта чарговая лекцыя Паўла Латушкі ў якасці спецыяльнага госця ў Каледжы Еўропы па тэме сітуацыі ў Беларусі і вакол яе. Раней, у ліпені, намеснік кіраўніцы Кабінета выступіў для 40 маладых дыпламатаў з МЗС краін-членаў ЕС і краін-кандыдатаў у ЕС.

@CabinetBelarus

Main carousel image