Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«19 верасня 1991 года Беларусь афіцыйна замацавала сваю сучасную назву і вярнула гістарычныя сімвалы» – Павел Баркоўскі

2025-09-19

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, – да гадавіны прыняцця нацыянальных сімвалаў Беларусі – герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга – як дзяржаўных:

«19 верасня 1991 года Беларусь афіцыйна замацавала сваю сучасную назву – Рэспубліка Беларусь – і вярнула ў якасці дзяржаўных герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг. Гэта быў крок, які засведчыў пераемнасць нашай дзяржаўнасці і сувязь сучаснай Беларусі з тысячагадовай гісторыяй.

На працягу стагоддзяў «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг суправаджалі беларусаў у вырашальных момантах барацьбы за свабоду – ад часоў ВКЛ і БНР да незалежнасці 1991 года і мірных пратэстаў 2020-га.

На жаль, у 1995 годзе гэтыя сімвалы былі замененыя на неасавецкія праз маніпулятыўны і антынацыянальны рэферэндум, што стала спробай абарваць традыцыю і вярнуць Беларусь у таталітарнае мінулае.

Але гэтая спроба была не здольная перакрэсліць ані гісторыі, ані памяці, ані нацыянальнай годнасці.

Гэты дзень – сапраўдны прадвеснік нацыянальнага адраджэння, які сведчыць, што нават нягледзячы на доўгія гады адмовы ад нацыянальнай палітыкі, сапраўдныя каштоўнасці вяртаюцца да жыцця, як гэта адбылося з нацыянальнымі сімваламі ў 2020 годзе.

Для нас яны не толькі гісторыя, але і аснова будучыні, бо ўвасабляюць імкненне беларусаў да свабоды і еўрапейскага развіцця, да ўласнай дзяржаўнасці і незалежнасці.

Таму 19 верасня застаецца днём, які нагадвае нам пра сапраўдную Беларусь і яе шлях – шлях свабоднага народа з уласным імем і сваёй сімволікай».

@CabinetBelarus

Main carousel image