Важна захаваць магчымасць камунікацыі беларусаў з Еўропай пры аказанні ціску на рэжым Лукашэнкі для змены яго ўнутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі
2025-09-18
Пазіцыя Аб'яднанага Пераходнага Кабінета наконт узмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай змены яго ўнутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі была прадстаўлена намеснікам кіраўніцы Кабінета, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам у ходзе сустрэчы з віцэ-маршалкам Сейма Пятром Сгажэльскім. У сустрэчы таксама прыняў удзел спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан.
Падчас сустрэчы Павел Латушка адзначыў, што рашэнне Польшчы па закрыцці памежных пераходаў будзе мець у тым ліку ўплыў на абмежаванне крыніц фінансавання рэпрэсіўнай машыны, якая выкарыстоўваецца рэжымам Лукашэнкі супраць беларускага народа, а таксама будзе абмяжоўваць рэсурсы, якія выдзяляе Лукашэнка на падтрымку агрэсіі супраць Украіны.
Адначасова намеснік кіраўніцы Кабінета адзначыў, што для АПК важным з'яўляецца захаванне магчымасцей для камунікацыі беларусаў з Еўропай для падтрымання міжчалавечых кантактаў паміж беларусамі і грамадзянамі еўрапейскіх дзяржаў. Звярнуўшы ўвагу, што большасць беларусаў выступае за дэмакратычныя змены ў краіне і не падтрымлівае агрэсію супраць Украіны.
Асобна ў ходзе сустрэчы была абмеркавана неабходнасць дамагацца вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, сярод якіх — лідар польскай меншасці Беларусі Анджэй Пачобут.
Павел Латушка праінфармаваў пра падыходы, якія распрацоўваюцца Кабінетам, па арганізацыі нацыянальнага дыялогу з мэтай выхаду з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў краіне і захавання беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці.
Віцэ-маршалак Сейма, які прадстаўляе ў парламенце адну з партый, што ўваходзяць у кіруючую кааліцыю — Польскую сялянскую партыю, адзначыў гатоўнасць спрыяць дэмакратычным сілам Беларусі і інстытутам у іх дзейнасці, у тым ліку выказаў гатоўнасць да шырокай камунікацыі з прадстаўнікамі сваёй партыі ва ўрадзе Польшчы, а таксама з дэпутатамі Еўрапарламента па беларускім пытанні.
@CabinetBelarus
