Самалёты Лукашэнкі працягваюць знаходзіцца пад санкцыямі ЗША
2025-09-17
Для «Белавія» зрабілі паслабленні ў амерыканскіх санкцыях, але сама кампанія засталася ў спісе SDN. Пад санкцыямі (у спісе SDN) застаюцца і асабістыя самалёты Лукашэнкі, уключаныя туды па прапановах НАУ.
ЗША дазволілі палёты васьмі паветраных суднаў авіякампаніі «Белавія», якія падпадаюць пад ліцэнзійнае абслугоўванне, у любы пункт прызначэння і з любога пункта прызначэння, у тым ліку з Беларусі, за выключэннем палётаў: на Кубу, у Іран, Паўночную Карэю, Расію, Сірыю, часова акупаваныя тэрыторыі Украіны. Тым не менш, паветраная прастора еўрапейскіх дзяржаў для паветраных суднаў з Беларусі па-ранейшаму застаецца закрытай.
Таксама «Белавіі» дазволілі тэхнічнае абслугоўванне, бягучы і капітальны рамонт і/або аднаўленне пэўных паветраных суднаў з улікам шэрагу абмежаванняў, а таксама экспарт, рээкспарт або перадачу пэўнага абсталявання, расходных матэрыялаў і матэрыялаў, прызначаных для выкарыстання пэўнымі паветранымі суднамі авіякампаніі «Белавія», з улікам умоў і абмежаванняў.
Гэты дазвол распаўсюджваецца на паветраныя судны, што падпадаюць пад дзеянне Правілаў кіравання экспартам (EAR), у тым ліку восем самалётаў Boeing, якія належаць «Белавія». Пад дадзеныя дазволы не падпадаюць самалёты Boeing, якія выкарыстоўваюцца дыктатарам Лукашэнкам і ўключаны ЗША на падставе прапаноў і абгрунтаванняў НАУ ў спіс SDN:
– Boeing 767 з бартавым нумарам EW-001PB,
– Boeing 737 з бартавым нумарам EW-001PA.
«Белавіі» забаронена выкарыстанне паветраных суднаў для перавозкі прадметаў, якія падпадаюць пад дзеянне Правілаў кіравання экспартам (EAR). Да такіх прадметаў адносяцца любыя прадметы, прызначаныя для падтрымкі вайны Расіі супраць Украіны.
«Белавіі» дазволена абслугоўванне, рамонт, аднаўленне і рэстаўрацыя паветраных суднаў, у тым ліку з выкарыстаннем прадметаў, якія падпадаюць пад экспартны кантроль, і былі асобна дазволены для экспарту або рээкспарту ў Беларусь або для выкарыстання беларускімі паветранымі суднамі.
Бюро прамысловасці і бяспекі ЗША (BIS) будзе кантраляваць пастаўкі запчастак для выкарыстання «Белавія» ў кожным канкрэтным выпадку, каб вызначыць, ці прызначаны гэтыя прадметы для абслугоўвання і выкарыстання камерцыйнага пасажырскага флоту «Белавія», а таксама для прадухілення рызыкі перанакіравання іх на іншыя недазволеныя канчатковыя мэты або канчатковым карыстальнікам, у тым ліку ў Расію.
Як адзначыў намеснік кіраўніцы АПК і кіраўнік НАУ Павел Латушка: «Такім чынам, у цэлым паслабленні можна разглядаць як абмежаваны крок насустрач беларускаму нацыянальнаму перавозчыку, аднак ён захоўвае жорсткі кантроль і санкцыйныя рамкі. Перш чым прапаганда рэжыму Лукашэнкі захлынаючыся будзе ў будучыні расказваць пра свае поспехі ў зняцці санкцый, неабходна прыцягваць адпаведную экспертызу для ацэнкі тых ці іншых рашэнняў. Дадзеныя меры, прынятыя ЗША ў дачыненні да авіякампаніі «Белавія», накіраваныя выключна на забеспячэнне бяспекі грамадзянскай авіяцыі і пасажыраў, але яны ніякім чынам не азначаюць спыненне санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі – два самалёты Boeing Лукашэнкі працягваюць знаходзіцца пад санкцыямі ЗША».
