Cупрацьдзеянне дэзінфармацыі абмеркавалі ў МУС Польшчы з удзелам прадстаўніка Кабінета
2025-09-17
Арцём Праскаловіч, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета, узяў удзел у IV пасяджэнні Працоўнай групы па супрацоўніцтве з НДА пры МУС Польшчы.
Абмеркавалі праблему дэзінфармацыі і яе ўплыў на функцыяванне дзяржавы. Адзначалася, што людзі лёгка ўспрымаюць ілжывую інфармацыю, якая пацвярджае іх наяўныя перакананні, а фэйкі часта больш уплывовыя, чым іх афіцыйныя абвяржэнні.
Падкрэслівалася, што барацьба з дэзінфармацыяй патрабуе не толькі афіцыйных каментарыяў, але і фарміравання медыя- і лічбавай пісьменнасці ў грамадстве. Асобная роля ў гэтым адводзіцца ўніверсітэтам і экспертам як крыніцам сумленнага і прафесійнага аналізу.
Звярталася ўвага, што дэзінфармацыю распаўсюджваюць не толькі ананімы, але і вядомыя асобы ці ўстановы. Важная хуткая рэакцыя на розных мовах для дасягнення ўразлівых груп.
Сярод прапаноў: узмацненне антыдыскрымінацыйных палітык, дадатковая адукацыя ў школах, павышэнне лічбавай бяспекі і кампетэнцый, удзел людзей з міграцыйным досведам у прыняцці рашэнняў.
Арцём Праскаловіч:«Пытанне стварэння інфармацыйных матэрыялаў на беларускай мове намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка і супрацоўнікі Прадстаўніцтва па транзіце ўлады рэгулярна падымаюць на сустрэчах у міністэрствах працы, унутраных спраў і з мясцовымі ўладамі Польшчы. Мы заклікаем беларусаў быць уважлівымі і пераправяраць інфармацыю праз афіцыйныя сайты – Кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай і дзяржаўных органаў краін знаходжання».
Працоўная група па супрацоўніцтве з недзяржаўнымі арганізацыямі пры МУС Польшчы дзейнічае як частка Міжведамаснага камітэта ў пытаннях міграцыі пры прэм’ер-міністры. Яна створана для абмеркавання законапраектаў, пытанняў інтэграцыі замежнікаў і забеспячэння ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў фарміраванні міграцыйнай палітыкі. У склад гэтай групы ўваходзіць намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета Арцём Праскаловіч.
@CabinetBelarus
