Аўстралія займае адкрытую пазіцыю ў падтрымку памкненняў беларускага народа да змены сітуацыі ў Беларусі
2025-09-15
Падчас сустрэчы з намеснікам кіраўніка місіі Аўстраліі ў Маскве Джэрэмі Гатры, якая была ініцыяваная аўстралійскім бокам, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка прадставіў сітуацыю ў Беларусі адносна самых маштабных за апошнія дзесяцігоддзі рэпрэсій у гісторыі Еўропы. У сустрэчы таксама браў удзел спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан.
Павел Латушка праінфармаваў пра сітуацыю з палітзняволенымі ў Беларусі, дэпартацыю беларусаў з тэрыторыі краіны, якую масава здзяйсняе рэжым, адсутнасць магчымасцей для дзейнасці палітычных партый, грамадскіх арганізацый і незалежных СМІ ўнутры краіны.
Падчас сустрэчы былі перададзены прапановы па санкцыях для дадатковага ціску на рэжым з боку Аўстраліі, якія тычацца ваенна-прамысловага комплексу (ВПК) Беларусі, што працуе на расійскую агрэсію, у тым ліку персанальных санкцый у дачыненні да кіраўнікоў прадпрыемстваў ВПК Беларусі і прапагандыстаў, а таксама арганізацый, адказных за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у/праз Беларусь з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.
Асобна ўвага была скіравана на выкарыстанне міжнародных інструментаў прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, за ваеннае злачынства (дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей) і за здзейсненую агрэсію супраць Украіны. Уся наяўная інфармацыя будзе перададзена ў МЗС Аўстраліі для разгляду.«Мы ўдзячны за чарговую сустрэчу з дыпламатамі МЗС і амбасады Аўстраліі ў Расіі і Польшчы, ініцыяваную аўстралійскім бокам. Важна, што Аўстралія займае адкрытую пазіцыю ў падтрымку памкненняў беларускага грамадства да дэмакратычных зменаў у краіне і падтрымку дэмакратычных інстытутаў Беларусі: Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады»,
– адзначыў Павел Латушка.
@CabinetBelarus
