Павел Латушка заклікаў польскі бок звярнуць увагу на важнасць захавання міжчалавечых кантактаў і падтрымкі еўрапейскай арыентацыі беларусаў
2025-09-13
Прынятае ўрадам Польшчы рашэнне аб закрыцці ўсіх памежных пераходаў на беларуска-польскай мяжы стала тэмай сустрэчы намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі і спікера Каардынацыйнай Рады Арцёма Брухана з Упаўнаважаным прадстаўніком міністра замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Адамам Халацінскім.
Павел Латушка адзначыў, што Аб’яднаны Пераходны Кабінет выступае з пазіцыяй неабходнасці ўзмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку эканамічнага, каб прымусіць рэжым змяніць унутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку. Адначасова для Кабінета важна захаванне магчымасці паездак для беларусаў у краіны ЕС.
Разумеючы пазіцыю Польшчы, якая прымае рашэнні ў інтарэсах нацбяспекі, Павел Латушка звярнуў увагу польскага боку і на важнасць захавання міжчалавечых кантактаў і падтрымкі еўрапейскай арыентацыі беларусаў.
Адам Халацінскі адзначыў, што закрыццё пагранічных пераходаў звязана з бяспекай і рэалізацыяй прэвентыўных захадаў у сувязі з рызыкамі, якія вынікаюць з правядзення вучэнняў «Захад-2025».
Прадстаўнік МЗС Польшчы папрасіў з разуменнем паставіцца да сітуацыі, якая склалася, і адзначыў, што гэтае рашэнне не мае на мэце нанесці шкоду грамадскім інтарэсам, як грамадзян Беларусі, так і грамадзян Польшчы.
Тым не менш, на сёння пазіцыя польскага боку заключаецца ў тым, што памежны рух на беларуска-польскай мяжы будзе адноўлены толькі тады, калі з’явіцца ўпэўненасць, што бяспека грамадзян Польшчы гарантавана, і што не будзе рызык правакацый і магчымых агрэсіўных дзеянняў супраць Польшчы.
На пытанне аб тым, якім чынам будзе дзейнічаць польскі бок у выпадку ўзнікнення неабходнасці перасячэння мяжы ў гуманітарных мэтах, прадстаўнік МЗС Польшчы адзначыў, што рашэнне знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі МУС Польшчы.
Асобная ўвага была нададзеная праблеме палітзняволеных у Беларусі. Падкрэслена, што іх вызваленне з’яўляецца адным з ключавых патрабаванняў дэмакратычнага руху і міжнародных партнёраў. Звернута ўвага на магчымыя механізмы падтрымкі і дапамогі з боку Польшчы ў выпадку вызвалення вялікіх груп палітвязняў, у тым ліку гуманітарнай і сацыяльнай дапамогі.
Абмяркоўвалася сітуацыя вакол вучэнняў «Захад-2025», якія выклікаюць занепакоенасць у рэгіёне, а таксама нядаўняе парушэнне паветранай прасторы Польшчы расійскімі дронамі з боку Беларусі.
Адзначана, што менавіта знешняя агрэсіўная палітыка з боку дыктатара вядзе да неабходнасці прымянення адпаведных абмежавальных мер для забеспячэння бяспекі.
@CabinetBelarus
