Павел Латушка: «Мы заклікаем нашых партнёраў зрабіць усё магчымае для рэалізацыі правасуддзя»
2025-09-12
12 верасня Група незалежных экспертаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі апублікавала рабочы дакумент «Ліквідацыя прабелу ў забеспячэнні адказнасці за парушэнні правоў чалавека і спадарожныя злачынствы ў Беларусі».
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка:«У новым дакладзе, які падрабязна апісвае механізмы прыцягнення да адказнасці, адназначна заяўлена пра прыярытэт неабходнасці ўстанаўлення ісціны, правасуддзя, а таксама кампенсацыі шкоды для пацярпелых ад парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
Сімвалічна, што дадзены даклад апублікаваны на наступны дзень пасля таго, як увесь свет мог убачыць, з якой жорсткасцю Лукашэнка прымусова выдаліў з краіны 52 палітзняволеных. Іх гісторыі з’яўляюцца яскравым сведчаннем учыняемых злачынстваў і неабходнасці забяспечыць адэкватнае аднаўленне правоў ахвяр.
Надзвычай важна, што дадзеным дакументам Група незалежных экспертаў не толькі пацвярджае прававыя высновы беларускіх і міжнародных арганізацый, уключаючы Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, кваліфікуючы дзеянні ўладаў рэжыму Лукашэнкі як злачынствы супраць чалавечнасці, але і дакладна называе канкрэтных асоб, найбольш адказных за дадзеныя злачынствы: Аляксандра Лукашэнку, Мікалая Карпянкова, Юрыя Караева.
Даклад таксама дэманструе, што пытанне падтрымкі рэферала беларускай сітуацыі Урадам Літвы з’яўляецца не прадметам прававых дыскусій, а маральным абавязкам краін, якія выступаюць за вяршэнства права, ідэалы правасуддзя і абарону правоў чалавека.
Мы заклікаем нашых партнёраў зрабіць усё магчымае для рэалізацыі правасуддзя з дапамогай механізмаў, адзначаных у дакладзе Групы незалежных экспертаў ААН».
Канадская прадстаўніца групы экспертаў С’юзан Базілі:«У Групы ёсць разумныя падставы меркаваць, што Лукашэнка распрацаваў і рэалізаваў палітыку, накіраваную на падаўленне любой формы іншадумства праз пераслед рэальных або меркаваных апанентаў з мэтай захавання ўлады, і ўдзельнічаў у злачынствах супраць чалавечнасці ў выглядзе палітычнага пераследу і зняволення, учыненых у Беларусі з 1 мая 2020 года».
Эксперты падкрэслілі, што забеспячэнне правасуддзя і прыцягнення да адказнасці на міжнародным узроўні і ў трэціх краінах не з’яўляюцца двума варыянтамі, што ўзаемна выключаюць адно аднаго, і не перашкаджаюць любым будучым судовым разбіральніцтвам у Беларусі.
Моніка Плятэк, экспертка групы:«Калі настане дзень пасля кіравання прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, умацаванне нацыянальнага судаводства ў Беларусі будзе мець вырашальнае значэнне для аднаўлення даверу беларусаў да ўласных нацыянальных інстытутаў, у прыватнасці да судовай сістэмы. Мы заклікаем усе адпаведныя зацікаўленыя бакі разглядаць усе гэтыя варыянты як узаемадапаўняльныя і працягваць дакументаваць доказы для будучых працэсаў па прыцягненні да адказнасці».
@CabinetBelarus
