«Палёгка, злосць, адказнасць і гонар». Маргарыта Ворыхава – з прэс-канферэнцыі Святланы Ціханоўскай і вызваленых палітвязняў
2025-09-12
📢 Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета:
«Сёння, побач з нашымі суайчыннікамі і суайчынніцамі, якія нарэшце выйшлі на волю, я адчуваю адразу некалькі пачуццяў – палёгку, злосць, адказнасць і гонар.
Палёгку – бо іх пакуты скончыліся.
Злосць – бо яны ніколі не павінны былі апынуцца ў турме.
Адказнасць – бо тысячы застаюцца за кратамі.
І гонар – бо беларусы сабралі больш за 85 тысяч еўра на падтрымку тых, хто толькі што атрымаў свабоду. Гэтая салідарнасць паказвае, кім мы з’яўляемся як нацыя.
Тым, хто сёння на волі, хачу сказаць: ваша стойкасць стала прыкладам для ўсіх нас. Тым, хто застаецца за кратамі: вы не забытыя ні на дзень. І міжнародным партнёрам – ЗША, прэзідэнту Трампу асабіста, Еўропе і ўсім – дзякуй за падтрымку і салідарнасць з беларусамі. Гэта дае нам сілу працягваць і набліжае дзень, калі апошні палітвязень выйдзе на свабоду.
Я з камяком у горле слухала іх сведчанні. Мікола Дзядок сказаў: «Учора, калі нас прывезлі на КПП… гэта быў такі яркі кантраст: у аўтобус зайшоў чалавек і першае, што сказаў – “Я доктар, можа, каму патрэбная медычная дапамога?” Я настолькі ад гэтага адвык: пяць гадоў былі толькі здзекі, абразы, кпіны. Нам раздалі ваду, крэкеры – гэта, падаецца, дробязь, але для нас гэта не дробязь».
Проста клопат, проста чалавечае абыходжанне. Крэкеры і вада… Калі гэта выклікае такія эмоцыі, то цяжка ўявіць, у якіх умовах утрымліваўся чалавек. І слухаць пра гэтыя ўмовы немагчыма без слёз. Наколькі рознымі могуць быць рэальнасці – літаральна праз мяжу: там, дзе пануюць катаванні і прыніжэнне, і там, дзе дзейнічаюць павага і закон. Беларусь павінна вярнуцца да чалавечай годнасці і свабоды – веру, мы даможамся гэтага разам»
@CabinetBelarus
