« Гэта павінна стаць першым крокам да нацыянальнага дыялогу ». Кіраўніца Кабінета адкрыла прэс-канферэнцыю з беларускімі палітзняволенымі
2025-09-12
📢 Святлана Ціханоўская:
«Тое, што адбылося ўчора, – гэта не вызваленне, а прымусовая дэпартацыя. Мы ўсе перажываем за лёс Мікалая Статкевіча, які адмовіўся пакідаць Беларусь – і меў на гэта поўнае права. Цяпер ягонае месцазнаходжанне невядомае. Яго мужны ўчынак нагадвае пра паступак Марыі Калеснікавай, якая падчас спробаў дэпартацыі парвала свой пашпарт.
Усе вызваленыя павінны мець права выбару – з’ехаць ці застацца. Учора я абмяркоўвала гэта з амерыканскімі партнёрамі, і мы дамагаемся таго, каб пры наступных вызваленнях гэтая антычалавечая практыка была спыненая.
Мы таксама настойваем, каб вызваленні суправаджаліся спыненнем рэпрэсій. На жаль, кожны тыдзень з’яўляюцца новыя палітвязні, і праваабаронцы фіксуюць пашырэнне рэпрэсій.
Безумоўна, усе павінны выйсці на свабоду. Прэзідэнт Трамп задаў планку – мінімум 1300 палітвязняў. Мы будзем працаваць з амерыканскай адміністрацыяй і з усімі нашымі саюзнікамі ў Еўропе, каб вызваленні працягваліся.
Гэта крок у правільным кірунку, і я заклікаю рэжым вызваліць усіх закладнікаў з турмаў. Гэта павінна стаць першым крокам да нацыянальнага дыялогу, які беларускаму народу так патрэбны.
Цяпер наша задача – забяспечыць вызваленых неабходнай дапамогай: юрыдычнай, псіхалагічнай, медычнай. Трэба таксама вырашыць пытанні з легалізацыяй і дакументамі. Толькі за адзін дзень мы сабралі 85 тысяч еўра на падтрымку вызваленых. Я ўражаная гэтай салідарнасцю. Мы працуем з урадамі розных краін, каб мабілізаваць яшчэ больш дапамогі для рэпрэсаваных. А праз два тыдні мы рыхтуем вялікі кангрэс па палітвязнях, і я запрашаю ўсіх далучыцца».
@CabinetBelarus
