Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Юлія Міцкевіч: «Беларусь і падтрымка яе народа застаюцца ў фокусе знешняй палітыкі Швецыі»

2025-09-11

Пра сустрэчу з новым спецпрадстаўніком Швецыі па сувязях з беларускімі дэмсіламі і амбасадарам Швецыі ў краінах Усходняга партнёрства Патрыкам Свенсанам распавядае Юлія Міцкевіч, першая намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета:

«Першая сустрэча падчас візіту амбасадара Свенсана ў Вільнюс адбылася са мной як з прадстаўніцай Кабінета па пытаннях гендарнай роўнасці. Мы абмеркавалі рознае, але перадусім – працяг супрацоўніцтва ў прасоўванні гендарнай роўнасці, пашырэння правоў і магчымасцей жанчын у палітыцы і абароны правоў жанчын увогуле.

Нагадаю, менавіта МЗС Швецыі было адным з суарганізатараў (разам з нашай камандай і міжнароднымі партнёрамі) першага Жаночага палітычнага форуму ў Стакгольме ў чэрвені гэтага года. Гэта было паспяховае мерапрыемства з удзелам міністраў, амбасадараў, прадстаўнікоў фондаў, донарскіх і міжнародных арганізацый. Шмат хто з іх публічна адзначаў высокі ўзровень арганізацыі і практычныя вынікі форуму. Былі прадстаўленыя некалькі policy papers, у тым ліку законапраект аб гендарнай роўнасці і канцэпцыя рэформаў гендарнай палітыкі.

Як адзначыў спадар Свенсан, МЗС Швецыі зацікаўлена ў працягу гэтага супрацоўніцтва, паколькі яно аб’ядноўвае два важныя для Швецыі прыярытэты.

Па-першае, Беларусь і падтрымка яе народа праз дэмакратычныя сілы, незалежныя медыя і грамадзянскую супольнасць застаюцца ў фокусе знешняй палітыкі Швецыі.

Па-другое, гендарная роўнасць – стратэгічны прыярытэт краіны як ва ўнутранай, пачынаючы яшчэ з 1970-х гадоў, так і ў знешняй палітыцы. У гэтым сэнсе наша каманда і Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Кабінета – ключавыя партнёры для Швецыі.

Хачу падзякаваць Крысціне Ёханесан, якая раней займала пасаду спецпрадстаўніцы: яе падтрымка і намаганні заклалі аснову для гэтай працы. Мы разам зрабілі шмат, каб данесці важнасць гендарных пытанняў да лідараў дэмсіл, і сёння можна казаць пра рэальны прагрэс у параўнанні з 2020 годам.

Мы ўжо абмяркоўваем правядзенне другога Жаночага палітычнага форуму, але дэталі пакуль заўчасна раскрываць. Акрамя таго, спадар Свенсан пацвердзіў гатоўнасць падтрымаць працяг лідарскай праграмы для беларускіх актывістак, якую я цяпер курырую і якая стала адным з практычных вынікаў форуму. У першы набор на 10 месцаў падалі заяўкі больш за 50 жанчын. Навучанне пройдзе напрыканцы верасня ў Стакгольме і ў лістападзе ў Бруселі.

Мы таксама абмеркавалі складанасці, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў беларускай дэмакратычнай палітыцы, і бар’еры доступу да правасуддзя. Менавіта пра гэта ішла гаворка на ўчарашняй канферэнцыі краін Усходняга партнёрства, дзе я выступала з дакладам».


@CabinetBelarus

Main carousel image