Падрыхтоўку да магчымых вызваленняў беларускіх палітвязняў Святлана Ціханоўская і Вольга Зазулінская абмеркавалі на сустрэчы з профільнымі арганізацыямі дапамогі
2025-09-10
Сустрэча арганізаваная Офісам Святланы Ціханоўскай і Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.
Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета:«Мы ўжо бачылі асобныя вызваленні, але гаворка можа пайсці пра значна большыя маштабы. Гэта азначае, што не павінна быць імправізацыі — патрэбна загадзя падрыхтаваная інфраструктура падтрымкі, каб людзі адразу атрымалі жыллё, медыцынскую, псіхалагічную і юрыдычную дапамогу.
Заявы міжнародных лідараў паказваюць, што сцэнарый шырокіх вызваленняў можа стаць рэальнасцю ў любы момант. Таму наш абавязак як беларускай супольнасці — быць гатовымі ўжо сёння. Гэта патрабуе згуртаванасці, выразнай каардынацыі і поўнай адказнасці перад тымі, хто выходзіць на волю пасля цяжкіх гадоў зняволення.
Менавіта таму на сустрэчы ў Вільні разам з арганізацыямі дапамогі мы абмяркоўвалі, як наладзіць каардынацыю і забяспечыць увесь комплекс падтрымкі для тых, хто можа быць вызвалены ў найбліжэйшай будучыні».
У сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі Асацыяцыі палітвязняў Беларусі, ПЦ «Вясна», фонду «Дапамога», фонду «Краіна для жыцця», Чырвонага Крыжа Літвы і Беларускага дома правоў чалавека.
@CabinetBelarus

