Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: «Лукашэнка не з’яўляецца гарантам бяспекі ні для беларусаў, ні для суседніх народаў»

2025-09-10

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета – пра атаку расійскіх дронаў на Польшчу, пагрозы з боку рэжыму Лукашэнкі і наступствы вучэнняў «Захад-2025»:

«Атака расійскімі дронамі тэрыторыі Польшчы – гэта правядзенне і рэалізацыя мэтанакіраванай матываванай палітыкі Расіі пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі, мэтамі якой з’яўляюцца:

– дэстабілізацыя сітуацыі ў польскім грамадстве, а таксама ў цэлым у еўрапейскіх грамадствах;
– дэманстрацыя сілы;
– праверка эфектыўнасці сістэм СПА краіны-члена НАТА.

Гэта наступства агрэсіі супраць Украіны, якую здзяйсняе Расія пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Правядзенне беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2025» на тэрыторыі Беларусі ва ўказаных абставінах нясе відавочную пагрозу як суседзям, так і самой Беларусі. Рэжым Лукашэнкі дзейнічае цалкам уразрэз з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі.

Пакуль сітуацыю можна назваць кантраляванай эскалацыяй. Але няма гарантый, што яна не выйдзе з-пад кантролю. Лукашэнка не з’яўляецца гарантам бяспекі ні для беларусаў, ні для суседніх народаў. Пакуль у Беларусі і Расіі будуць знаходзіцца цяперашнія рэжымы, еўрапейцы не змогуць адчуваць сябе ў бяспецы.

Той факт, што дроны заляталі ў паветраную прастору Польшчы з тэрыторыі Беларусі, адкрывае новую старонку ва ўспрыманні Лукашэнкі як для Польшчы, так і для краін НАТА. Бягучая атака расійскіх дронаў паказвае, што рэжым Лукашэнкі не кантралюе паветраную прастору над Беларуссю, што таксама з’яўляецца рэальнай пагрозай ваеннай бяспецы як для самой Беларусі, так і для суседніх дзяржаў.

Палітыка Лукашэнкі наносіць каласальную шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі і падрывае гістарычна складзеныя добрасуседскія адносіны паміж беларускім і польскім народамі. Гэта важна ўсвядоміць кожнаму беларусу і кожнай беларусцы. Пакуль крызіс, створаны палітыкай Лукашэнкі, не будзе вырашаны, пагрозы бяспецы будуць толькі нарастаць».


@CabinetBelarus

Main carousel image