Аліса Рыжычэнка: «Асноўны ўдар ад закрыцця мяжы прыйдзецца на простых беларусаў. Адказнасць за гэта цалкам ляжыць на Лукашэнку»
2025-09-10
Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аліса Рыжычэнка адрэагавала на рашэнне польскіх улад аб закрыцці польскай мяжы:
«Кабінет заклікае краіны ЕС захоўваць магчымасць свабодных руху і зносін праз мяжу Беларусі з ЕС, каб пазбегнуць ізаляцыі і абмежавання сувязей беларусаў з вонкавым светам. З эканамічнага пункту гледжання, закрыццё польскай мяжы ў першую чаргу адаб’ецца на звычайных беларусах і іх даходах.
Беларусь значна залежыць ад імпарту прамежкавых тавараў з Еўрасаюза – камплектуючых і дэталяў, якія выкарыстоўваюцца для экспарту ў Расію.
Паводле апошніх статыстычных даных, з пачатку гэтага года ўжо назіраецца істотнае скарачэнне імпарту з ЕС і экспарту ў Расію і краіны СНД, што сведчыць пра дзеянне санкцый.
Закрыццё мяжы можа канчаткова падарваць гэтыя патокі, бо доля прамежкавых тавараў у беларускім экспарце ў Расію вельмі высокая.
Акрамя таго, Беларусь імпартуе шырокі спектр харчовых і спажывецкіх тавараў з краін Еўрасаюза. Гэта адаб’ецца альбо на іх наяўнасці на паліцах крам, альбо на канчатковых коштах для спажыўцоў.
Грамадзяне, якім неабходна наведваць краіны ЕС праз польскую мяжу, будуць вымушаныя карыстацца абыходнымі маршрутамі. Гэта павялічыць выдаткі на лагістыку і ўдарыць па транспартных арганізацыях.
Беларусь таксама страціць прыбыткі ад транзіту кітайскіх тавараў у Еўрасаюз. Хаця праз беларускую тэрыторыю ідзе адносна невялікая доля гэтага экспарту – каля 2–4%, – гэта дадатковыя грошы, якія таксама будуць страчаныя для эканомікі.
У выніку асноўны ўдар ад закрыцця мяжы прыйдзецца на простых беларусаў і іх паўсядзённае жыццё.
Адказнасць за гэта цалкам ляжыць на Лукашэнку. Менавіта ён дапусціў ваенныя вучэнні і палітыку эскалацыі, што прывяло да рашэнняў суседніх дзяржаў. У выніку беларусы пазбаўляюцца нават элементарнай магчымасці завозіць з Еўропы тавары і свабодна выязджаць у суседнія краіны».
@CabinetBelarus
