Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі ў сувязі з пачаткам беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў «Захад-2025»

2025-09-10

Канстатуючы, што:

- грамадзяне і грамадзянкі Беларусі пазбаўленыя рэальнага права выбару – і фактычна ўлада ў Беларусі захопленая групай асоб, якая не служыць грамадству і праводзіць супраць яго рэпрэсіі;

- вайсковае супрацоўніцтва рэжыму ў Беларусі з дзяржавай-агрэсарам не адпавядае ні волі беларускага народа, ні яго нацыянальным інтарэсам;

- пагрозы рэгіянальнай бяспецы, выкліканыя палітыкай рэжыму Лукашэнкі, будуць заставацца перманентнымі, пакуль не будзе вырашаны грамадска-палітычны крызіс у Беларусі,

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заяўляе, што:

- правядзенне сумесных з Расіяй вайсковых вучэнняў супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі, бо знешнія пагрозы, пра якія гавораць ініцыятары вучэнняў, насамрэч цалкам інспіраваныя;

- на фоне вайны Расіі супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі з’яўляецца суагрэсарам, вайсковыя вучэнні «Захад-2025» вядуць да эскалацыі напружанасці на кантыненце і ствараюць пагрозы для рэгіянальнай бяспекі;

- размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі і ўключэнне ў вучэнні планаў па яе выкарыстанні – прыклад злачыннай безадказнасці ў сферы падтрымання міжнароднага міру і бяспекі;

- масавае парушэнне паветранай прасторы Польшчы расійскімі дронамі з тэрыторыі Беларусі пацвярджае, што дзеянні Расіі нясуць непасрэдную пагрозу краінам-суседзям і дэстабілізуюць усю сістэму бяспекі ў Еўропе.

Кабінет:

- падтрымлівае справядлівую барацьбу Украіны за незалежнасць, у якой прымаюць удзел у тым ліку беларускія добраахвотнікі і добраахвотніцы, і падкрэслівае неабходнасць прыцягнення да адказнасці вінаватых за агрэсію;

- рашуча выступае супраць саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў ганебнай агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны, якая пачалася пасля мінулых вучэнняў “Захад-2021” і “Саюзная рашучасць-2022“ з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі;

- засцерагае кіраўніцтва Узброеных сіл Беларусі ад правакацый, якія могуць мець негатыўныя наступствы для Беларусі і суседніх краін, а таксама заклікае не ўдзельнічаць у правакацыях з боку Расіі;

- заклікае краіны ЕС захоўваць магчымасць свабодных руху і зносін праз мяжу Беларусі з ЕС, каб пазбегнуць ізаляцыі і абмежавання сувязей беларусаў з вонкавым светам;

- пацвярджае сваю пазіцыю аб тым, што для выхаду з унутрапалітычнага крызісу ў Беларусі, які з’яўляецца першапрычынай знешнепалітычнага крызісу, неабходнае правядзенне Круглага стала для ўмацавання суверэнітэту Беларусі і яе вяртання да статусу донара рэгіянальнай стабільнасці.

@CabinetBelarus

Main carousel image