Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: «Польшча закрывае мяжу з Беларуссю з-за дзеянняў рэжыму Лукашэнкі»

2025-09-09

Намеснік кіраўніцы Кабінета пракаментаваў рашэнне польскіх уладаў:

«Мы цалкам аддаем сабе справаздачу ў тым, што прычынай усіх пагроз, якія ствараюцца суседзям Беларусі, членам Еўрасаюза, з’яўляецца рэжым Лукашэнкі.

Фактычна Лукашэнка праводзіць у дачыненні да ЕС і канкрэтна да Польшчы палітыку гібрыднай агрэсіі і тэрарызму. Бо такому рашэнню польскіх уладаў папярэднічала працяглая гібрыдная атака рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да ЕС і непасрэдна да Польшчы, якая ўключае ў сябе міграцыйную вайну, якая працягваецца з 2021 года, пераслед польскай меншасці ў Беларусі, кампаніі па дэзінфармацыі, захоп польскіх грамадзян у закладнікі, рэалізацыю актаў дыверсіі і сабатажу на тэрыторыі Польшчы, а таксама экстэрытарыяльныя пераследы беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы.

Гэта сістэмная, мэтанакіраваная агрэсіўная палітыка рэжыму Лукашэнкі, які таксама з’яўляецца суагрэсарам у поўнамаштабнай вайне супраць Украіны і ключавым саюзнікам Расіі.

Важна адзначыць, што 4 верасня рэжым Лукашэнкі ажыццявіў затрыманне польскага манаха Гжэгажа Гавела па сфабрыкаваных абвінавачаннях у «шпіянажы». Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск пасля гэтага заявіў, што ў бліжэйшы час будзе рэакцыя Польшчы: «Мы рыхтуем, скажу прама, меры ў адказ, калі гэтая сітуацыя не зменіцца. І ў вельмі кароткія тэрміны». Таксама прагучала заява міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, які паведаміў, што, цытата, «мы ўжо вядзём унутрыўрадавыя кансультацыі па рэагаванні на гэты выпадак».

Такім чынам, Лукашэнка яшчэ да пачатку ваенных вучэнняў пайшоў на эскалацыю і правакаваў Польшчу на меры ў адказ.

Мы таксама разумеем, што рашэнне аб закрыцці памежных пераходаў – комплексная рэакцыя на дзеянні рэжыму Лукашэнкі, хоць і звязана ў першую чаргу з вучэннямі «Захад-2025» і з сур’ёзным ростам гібрыдных і ваенных пагроз у гэтай сувязі.

Але разам з тым хочам яшчэ раз звярнуць увагу нашых еўрапейскіх партнёраў на важнасць, з аднаго боку, захавання камунікацый для беларусаў, а з другога – аказання і ўзмацнення эканамічнага ціску на рэжым, каб абмежаваць яго магчымасці фінансаваць вайну і ўнутраныя рэпрэсіі.

Беларусь – гэта не Расія, а беларусы – гэта не расіяне. Важна адрозніваць беларусаў і рэжым Лукашэнкі.

Мы лічым важным не дапускаць ператварэння Беларусі ў Паўночную Карэю ў цэнтры Еўропы і не закрываць пасажырскія памежныя пераходы, якія забяспечваюць міжчалавечыя кантакты. Мы выступаем за падтрымку такіх кантактаў, бо гэта прынцыпова важна для беларусаў, якія жадаюць жыць у свабоднай дэмакратычнай краіне і мець магчымасць кантактаваць з Еўропай.

Мы заклікаем нашых партнёраў разгледзець альтэрнатыўныя спосабы ціску непасрэдна на рэжым, не закранаючы звычайных грамадзян. Мы выступаем за закрыццё грузапатокаў, за эканамічныя меры прымусу рэжыму да змены яго агрэсіўнай, тэрарыстычнай палітыкі.

Разам з тым важна разумець, што менавіта Лукашэнка закрывае для нас Еўропу. Гэта тэрарыст ва ўладзе, які сістэматычна захоплівае закладнікаў – як беларусаў, так і замежных грамадзян. Які садзейнічае ваеннай агрэсіі супраць Украіны і ажыццяўляе гібрыдную агрэсію супраць Еўропы. Менавіта ён і ніхто іншы нясе ўсю паўнату адказнасці за меры, якія прымаюцца Польшчай і іншымі краінамі.

Лукашэнка цудоўна ведае, што неабходна зрабіць для зьняцця напружанасці і спынення крызісу. Ён павінен змяніць сваю агрэсіўную знешнюю палітыку і рэпрэсіўную ўнутраную палітыку. Можна меркаваць, што адкрыццё памежных пераходаў будзе залежаць ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі як падчас вучэнняў, так і па выніках вучэнняў. Нам важна дабівацца, каб Лукашэнка пайшоў на вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, спыніў гібрыдную вайну супраць Еўрасаюза і пачаў дыялог з грамадствам для выхаду з найглыбейшага ўнутрыпалітычнага крызісу, які перарос у знешнепалітычны крызіс Беларусі».

@CabinetBelarus

Main carousel image