Юлія Міцкевіч: «Нарвегія паслядоўна падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць»
2025-09-09
Першая намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Юлія Міцкевіч здзейсніла працоўны візіт у Осла, дзе ў складзе беларускай дэлегацыі назірала за выбарамі ў парламент Нарвегіі і правяла двухбаковую сустрэчу з павераным Нарвегіі ў справах Беларусі, амбасадарам Уле Тэр’е Хорпестадам.
Юлія Міцкевіч:«Гэта была магчымасць на свае вочы ўбачыць, як працуе інклюзіўная і адкрытая дэмакратыя. На выбарах у Нарвегіі перамагла і большасць месцаў у парламенце атрымала кіроўная Рабочая партыя, вядомая сваёй падтрымкай Украіны ў вайне з Расіяй і падтрымкай беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці з 2020 года.
У Осла я таксама правяла сустрэчу з павераным Нарвегіі ў справах Беларусі, амбасадарам Уле Тэр’е Хорпестадам. Ён мае багаты дыпламатычны досвед: быў амбасадарам у Кіеве і Вільні, працаваў у Маскве і Парыжы. У размове ён падкрэсліў, што Нарвегія застаецца краінай, якая паслядоўна падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць.
Хоць Нарвегія і не ўваходзіць у ЕС, яна працягвае санкцыйную палітыку супраць рэжыму Лукашэнкі. Прыярытэтам для Нарвегіі у кантактах з прадстаўнікамі беларускага рэжыму з’яўляецца вызваленне палітзняволеных і спыненне рэпрэсій: толькі пасля гэтага можа абмяркоўвацца пытанне змякчэння санкцый.
Мы таксама абмяркоўвалі праблемныя выпадкі з атрыманнем палітычнага прытулку беларусамі ў Нарвегіі, у тым ліку студэнтамі. Спадар амбасадар паведаміў, што асабіста ўздымаў гэту тэму на сустрэчы з міністрам юстыцыі Нарвегіі і будзе працягваць працаваць у гэтым кірунку.
Акрамя таго, на гэтым тыдні адбудзецца сустрэча Nordic Baltic Group – фармату, які аб’ядноўвае скандынаўскія і балтыйскія краіны. У яго межах запланаваны кантакты са Святланай Ціханоўскай і абмеркаванне пытанняў супрацоўніцтва.
Асобна мы закранулі праблему пашпартоў для беларусаў, якія пражываюць у Нарвегіі. Хоць дыяспара ў краіне невялікая, гэтая тэма таксама знаходзіцца пад увагай.
Я вельмі ўдзячная амбасадару Хорпестаду за тое, што ён утрымлівае беларускую тэму ў палітычным і грамадскім парадку дня ў сваёй краіне і паслядоўна застаецца на баку беларускага народа.
Акрамя таго, ён падтрымлівае сувязь з сем’ямі палітзняволеных, у тым ліку Алеся Бяляцкага: рэгулярна адсочвае іх патрэбы, перадае інфармацыю пра іх становішча і дапамагае трымаць пытанне палітычнага зняволення ў пастаянным фокусе міжнароднай увагі».
@CabinetBelarus



