Вольга Зазулінская: «Свабоду ўсім палітвязням – цяпер, бо заўтра можа быць позна»
2025-09-08
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская – пра смерць палітвязня Андрэя Паднябеннага:
«Сёння з’явілася трагічная навіна – у Магілёўскай калоніі №15 памёр палітвязень Андрэй Паднябенны, грамадзянін Расіі. Яму было ўсяго 36 гадоў! Гэта ўжо дзявятая смерць палітвязня ў Беларусі. Мы выказваем глыбокія спачуванні сям’і і блізкім Андрэя.
Гэтая смерць – не выпадковасць і не “трагедыя абставін”. Гэта вынік сістэмнай палітыкі рэжыму, які мэтанакіравана знішчае людзей у турмах. Палітвязні гінуць ад адсутнасці медыцынскай дапамогі, ад катаванняў, ад умоў, якія нельга назваць інакш, як метадычнае забойства.
Асаблівую заклапочанасць выклікае сітуацыя з Васілём Верамейчыкам, адзіным палітвязнем, каму можа пагражаць найвышэйшая мера. Мы не ведаем, у якіх умовах ён цяпер утрымліваецца. Не менш трывожнай застаецца сітуацыя з Вікторыяй Кульшай, якая жывая, але яе здароўе пад сур’ёзнай пагрозай. Мы не маем інфармацыі пра Марыю Успенскую, удаву Андрэя Зельцэра. Асобнага напаміну патрабуе лёc непаўналетніх, супраць якіх рэжым працягвае ўжываць рэпрэсіі, а таксама замежных грамадзян, у тым ліку ўкраінцаў, многія з якіх апынуліся за кратамі выключна па прыкмеце грамадзянства.
У гэтай сітуацыі нашыя патрабаванні павінны гучаць як патрабаванні, а не як разважанні пра гуманнасць рэжыму. За пяць гадоў не было ніводнага санкцыйнага пакета такой жорсткасці, каб рэжым быў вымушаны сесці за стол перамоў. Пакуль міжнародная палітыка абмяжоўваецца “заклапочанасцю” і паўмерамі, людзі працягваюць гінуць у турмах.
Кожны з гэтых выпадкаў патрабуе не толькі ўвагі, але і тэрміновых дзеянняў. Рэжым нясе поўную адказнасць за смерць Андрэя Паднябеннага і за лёсы ўсіх, хто сёння застаецца ў беларускіх турмах.
Мы павінны называць гэтыя імёны і патрабаваць: свабоду ўсім палітвязням – цяпер, бо заўтра можа быць позна.
На сёння за кратамі знаходзіцца не менш за 1331 палітвязень – і гэта толькі імёны, вядомыя праваабаронцам».
@CabinetBelarus
