Маргарыта Ворыхава – пра зняволенне студэнткі Аліны Шаўцовай: «Вучыцца і браць на сябе адказнасць – гэта не экстрэмізм»
2025-09-08
Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Маргарыта Ворыхава адрэагавала на прысуд 21-гадовай студэнтцы лінгвістычнага ўніверсітэта Аліне Шаўцовай:
«Аліну Шаўцову кінулі ў калонію за ўдзел у Школе лідарства для жанчын. Адукацыйную праграму, якая вучыла дзяўчат быць мацнейшымі і больш самастойнымі, улады ў Беларусі абвясцілі “экстрэмісцкім фарміраваннем”.
Гэта чарговы прыклад, як рэжым змагаецца не з сапраўднымі злачынствамі, а з моладдзю – з дэмакратычнымі памкненнямі, з еўрапейскімі каштоўнасцямі, з жаданнем вучыцца і мець голас. Аліне прад’явілі артыкул 361-1, хоць яе адзіная “віна” – імкненне развівацца, сталець, браць жыццё у свае рукі.
Мы ведаем, што гэта не адзінкавы выпадак. Студэнтаў выключаюць з універсітэтаў, саджаюць у турмы, выціскаюць з краіны. Моладзевыя ініцыятывы забаронены, адукацыя ператвараецца ў інструмент прапаганды, а будучыня – у турэмныя сцены.
Я хачу сказаць проста:
- беларуская моладзь не злачынцы;
- вучыцца і браць адказнасць — гэта не экстрэмізм;
- студэнты, якія сядзяць за палітыку, павінны быць вызваленыя.
Заклікаю замежныя ўніверсітэты, міжнародныя моладзевыя арганізацыі і нашых партнёраў узняць голас у абарону беларускай моладзі. Мы са свайго боку накіруем лісты ў профільныя міжнародныя структуры, каб рэпрэсіі супраць студэнтаў былі агучаныя і асуджаныя на ўсіх узроўнях. Пакуль моладзь у турмах – Беларусь пазбаўленая будучыні».
@CabinetBelarus
