«Слава бітвы пад Оршай ужо ніколі не згасне». Сумесны зварот прадстаўнікоў Кабінета
2025-09-08
Сёння адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы – у памяць пра бітву пад Оршай 1514 года, адну з найважнейшых перамог Вялікага Княства Літоўскага над Маскоўскай дзяржавай. У гэты дзень у 1992 годзе адбылася першая вайсковая прысяга на вернасць незалежнай Беларусі.
Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі:
«Дзень вайсковай славы – гэта важная падзея ў беларускай вайсковай гісторыі. Сімвалічна, што гэтае свята ўжо трэці год запар адзначаецца намі разам з украінцамі, якія, як вядома, складалі частку старадаўняга беларуска-польска-ўкраінска-літоўскага войска, што сустрэла акупантаў на Крапіўніцкім полі пад Оршай.
Больш за 500 гадоў таму супольнымі намаганнямі народаў нашага рэгіёну – народаў Вялікага Княства Літоўскага – атрымалася здабыць не толькі славутую перамогу, але і на некалькі дзесяцігоддзяў змяніць баланс сіл.
Нашыя продкі паказалі, што ворага можна біць не колькасцю, а сучаснымі сродкамі ўзбраення і тактыкай. Гэтая бітва мела вялікі рэзананс у Еўропе і заняла пачэснае месца ў беларускай вайсковай гісторыі. У будучай вольнай Беларусі яна абавязкова будзе вывучацца ў вайсковых навучальных установах, а беларускія вайскоўцы з гонарам будуць мець брыгаду імя Канстанціна Астрожскага, як сёння мае ўкраінская армія.
Нам яшчэ разам належыць вызваліць сваю Бацькаўшчыну. І, я перакананы, у гэтую справу свой унёсак зноў зробяць народы ўсяго рэгіёну, як гэта было больш за 500 гадоў таму. Слава бітвы пад Оршай ужо ніколі не згасне».
Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі:
«Сёння мы маем нагоду не толькі ўспомніць мінулае, але і падзякаваць тым беларусам, якія ўжо цяпер змагаюцца за свабоду ў шэрагах Узброеных Сіл Украіны. Сярод іх ёсць тыя, хто вярнуўся дадому, і тыя, хто яшчэ вернецца.
Мы не маем права пакідаць гэтых смелых людзей сам-насам са сваімі праблемамі, як і іх блізкіх. Мы памятаем і пра нашых загінулых герояў і іх сем’і.
Гэта беларусы, якія прынялі шчырае і годнае рашэнне ўзяць на сябе адказнасць за будучыню краіны і народа. Наша задача – зрабіць усё, каб, вяртаючыся ў мірнае жыццё, яны атрымлівалі падтрымку і дапамогу. Мы бясконца ўдзячныя тым, хто ўжо сёння абараняе гонар і незалежнасць Беларусі».
@CabinetBelarus
