Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Баркоўскі: «Дзень беларускага пісьменства – сапраўды вартае свята»

2025-09-07

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі – да Дня пісьменства:

«З усіх святаў, што з’явіліся за час беларускай незалежнасці, адно з нешматлікіх, якое сапраўды вартае ўшанавання, – гэта Дзень беларускага пісьменства, які адзначаецца сёння. Яго сімвалічны патрон – Францішак Скарына – падкрэслівае важнасць беларускай літаратуры і пісьмовага слова.

Нехта можа сцвярджаць, што беларускае слова гучыць недастаткова гучна ў свеце, што ў нас няма сваёй “Вайны і міру“. Але нават за апошнія дзесяцігоддзі беларускія аўтары зрабілі ўклад, які прынёс нашай культуры заслужанае прызнанне. Гэта і ваенная проза Васіля Быкава, годная Нобелеўскай прэміі, і перакладзеная нядаўна на нямецкую «Мы з вогненнай вёскі» Алеся Адамовіча, і творы Караткевіча, і нядаўна выдадзены англамоўны пераклад «Дзвюх душ» Максіма Гарэцкага, і класіка Баршчэўскага «Шляхціц Завальня», даступная цяпер па-англійску.

Сярод сучасных імёнаў – Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, а таксама шырока перакладзеныя аўтары: Аляксандр Філіпенка, Вальжына Морт, Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, Дзмітрый Строцаў, Вольга Гапеева ды іншыя. Іх кнігі перакладаюцца, выдаюцца ад Польшчы да Канады, атрымліваюць міжнародныя ўзнагароды, становяцца асновай спектакляў і фільмаў.

Але з адной важнай заўвагай: гаворка ідзе пра незалежных пісьменнікаў, якія пішуць па-за палітычнай цэнзурай, адкрыта рэагуюць на надзеі і боль беларускага грамадства. Гэта не мае нічога агульнага з «творчасцю» прадстаўнікоў так званага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Або прапагандыстаў, што спрабуюць маскіраваць свае калонкі пад «літаратуру» – іх творчасці месца на сметніку гісторыі побач з літаратурнымі агіткамі з 30–80-х гадоў.

Можна колькі заўгодна ўручаць “дзяржаўныя прэміі“ тым, хто абслугоўвае рэжым, але ў гісторыі застануцца не яны, а Быкаў і Караткевіч, Арлоў і Арсеннева, Бахарэвіч і Бурлак, Вежнавец і Алексіевіч – сапраўдны гонар Беларусі».

@CabinetBelarus

Main carousel image