Ваявода Ніжнесілезскага ваяводства будзе падтрымліваць беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць тэрыторыю Беларусі, у пытаннях легалізацыі
2025-09-06
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і чалец Каардынацыйнай Рады Павел Латушка, правёў сустрэчу ў горадзе Вроцлаў з ваяводай Ніжнесілезскага ваяводства Ганнай Жабскай.
Падчас сустрэчы галоўнай тэмай абмеркавання стала адвакатаванне зваротаў грамадзян Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі Ніжнесілезскага ваяводства, па вырашэнні праблемных пытанняў. Перш за ўсё звароты датычыліся:
– паскарэння працэдуры разгляду і выдачы «дакументу падарожніка»;
– легалізацыі дзяцей, народжаных на тэрыторыі Польшчы;
– пытанняў чэргаў пры падачы і разглядзе заяў грамадзян Беларусі на легалізацыю ў ваяводстве;
– адкрыцця банкаўскіх рахункаў для грамадзян Беларусі на тэрыторыі ваяводства;
– іншых пытанняў, звязаных з легалізацыяй беларусаў.
Павел Латушка, як кіраўнік беларускай часткі Рабочай групы пры МУС Польшчы па пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы, абмеркаваў з ваяводай магчымыя пытанні, якія патрабуюць рашэння на ўзроўні цэнтральнай улады Польшчы, і тыя праблемныя пытанні, што можна вырашыць на ўзроўні ваяводскага кіравання.
Ваявода адзначыла, што мясцовыя ўлады сутыкнуліся з вялікім прытокам бежанцаў найперш з тэрыторый Украіны і Беларусі, што значна павялічыла тэрміны афармлення адпаведных дакументаў.
Прадстаўнік Кабінета асабліва звярнуў увагу, што беларусы, у адрозненне ад грамадзян іншых дзяржаў, не маюць абароны сваёй дряржавы, якая не забяспечвае іх легальнымі дакументамі: не выдае новых і не працягвае тэрмін дзеяння пашпартоў, абмежавала магчымасць выкарыстання даверанасцей, аформленых на тэрыторыі Польшчы, для атрымання дакументаў у Беларусі. І гэта ставіць беларускіх уцекачоў у асабліва ўразлівае становішча.
Павел Латушка адзначыў, што будзе лабаваць вырашэнне праблемных пытанняў у рамках Рабочай групы па пытаннях легалізацыі і падчас бліжэйшага першага пасяджэння міжміністэрскай групы па пытаннях беларусаў у Польшчы, пасяджэнне якой запланавана на 13 кастрычніка бягучага года.
Праблемныя пытанні былі падрыхтаваныя сумесна з Суполкай беларусаў Уроцлава і сфарміраваныя ў ходзе сустрэчы Паўла Латушкі з беларускай дыяспарай, якая пражывае ў рэгіёне. Старшыня рады Суполкі беларусаў Уроцлава таксама прыняў удзел у сустрэчы.
Асобна падчас сустрэчы з ваяводай Павел Латушка ініцыяваў абмеркаванне пытання магчымай дапамогі беларускім палітзняволеным, якія вымушана пакідаюць тэрыторыю Беларусі або, якіх дэпартуюць са сваёй краіны.
Павел Латушка таксама праінфармаваў пра экстратэрытарыяльны пераслед беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы: пра сотні распачатых крымінальных спраў, мэтай якіх з’яўляецца пераслед беларусаў за мяжой, спробы шантажу, вербавання, пераследу сваякоў і блізкіх у Беларусі.
Варта адзначыць, што ў траўні 2024 годзе Павел Латушка ўжо сустракаўся з ваяводай Ніжнесілезскага ваяводства, і падчас цяперашняй сустрэчы было канстатавана пэўнае паляпшэнне сітуацыі, звязанай з выдачай дакументаў па легалізацыі беларусаў у ваяводстве, пры адначасовым захаванні праблемных пытанняў, якія патрабуюць далейшага вырашэння.
Падчас знаходжання ў Вроцлаве Павел Латушка таксама правёў сустрэчу з кіраўніком Калегіума Усходняй Еўропы Лаўрынасам Вайцюнсам.
@CabinetBelarus

