Пенсіі для грамадзян Беларусі ў Польшчы
2025-09-05
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка правёў сустрэчу з дырэктарам Дэпартамента замежных пенсій Установы сацыяльнага страхавання Польшчы (Zakład Ubezpieczeń Społecznych) Анджэем Шыбке.
Прадстаўнік ZUS паведаміў, што пытанне аб падрыхтоўцы памяткі аб парадку атрымання пенсій грамадзянамі Беларусі ў Польшчы знаходзіцца на разглядзе кіраўніцтва ZUS. Павел Латушка папрасіў паскорыць падрыхтоўку гэтага інфармацыйнага дакумента для распаўсюджвання сярод грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Польшчы.
Анджэй Шыбке праінфармаваў, што асобы, якім прызначана пенсія ў Польшчы (незалежна ад працягласці працы ў Польшчы і памеру выплачаных узносаў у пенсійныя фонды), маюць права на:
- «13-ю пенсію» (trzynasta emerytura) – штогадовую аднаразовую выплату ў памеры мінімальнай пенсіі. У 2025 годзе гэта 1 878,91 зл брута (прыкладна 1 709,81 зл нетта). Прысуджаецца аўтаматычна – падаваць заяву не трэба;
- «14-ю пенсію» (czternasta emerytura) – яшчэ адну дадатковую дапамогу, якая выплачваецца штогод (звычайна восенню). Памер – мінімальная пенсія. Поўную суму атрымліваюць пенсіянеры з даходам ніжэй за ўстаноўлены парог. Таксама прысуджаецца аўтаматычна;
- надбаўку па доглядзе (dodatek pielęgnacyjny). Выплачваецца аўтаматычна людзям старэйшым за 75 гадоў або цалкам непрацаздольным, незалежна ад узросту. У 2025 годзе – 348,22 зл у месяц. Не патрабуе заявы (акрамя асаблівых выпадкаў, напрыклад, знаходжанне ў доме састарэлых);
- дапамогу па доглядзе (zasiłek pielęgnacyjny). Для людзей старэйшых за 75 гадоў, якія не атрымліваюць надбаўку па доглядзе з ZUS. Патрабуе заявы ў MOPS/GOPS (муніцыпальны цэнтр сацыяльнай абароны);
- «500+ для пажылых» (świadczenie uzupełniające). Для цалкам непрацаздольных, якія не атрымліваюць іншых дапамог. Складае 500 зл у месяц. Патрабуе заявы і медыцынскага заключэння аб непрацаздольнасці.
Дакументы на прызначэнне пенсіі лепш падаваць у аддзяленні ZUS па месцы жыхарства. Таксама іх можна даслаць па пошце ў I аддзяленне ZUS у Лодзі (ul. Zamenhofa 2, 90-431 Łódź), але для гэтага пазней спатрэбіцца дадатковая ідэнтыфікацыя асобы.
Прадстаўнік ZUS пацвердзіў раней дасягнутую дамоўленасць Паўла Латушкі ў ходзе сустрэчы ў Міністэрстве сям’і, працы і сацыяльнай абароны Польшчы аб правядзенні інфармацыйнай сустрэчы для грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Польшчы, па пытанні пенсій, дата якой будзе ўстаноўлена ў найбліжэйшы час.
Павел Латушка выказаў удзячнасць польскаму боку за садзейнічанне грамадзянам Беларусі.
Павел Латушка:«Для Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі прынцыпова важным з’яўляецца аказанне максімальнай падтрымкі і кансультацыйнай дапамогі ў лабіяванні інтарэсаў грамадзян Беларусі пенсійнага ўзросту, якія вымушана апынуліся на тэрыторыі Польшчы, з мэтай садзейнічання іх сацыяльнай падтрымцы».
@CabinetBelarus
