Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Навучанне і візавая падтрымка для беларускіх студэнтаў – падрабязнасці сустрэчы дэмсіл у МЗС Польшчы

2025-09-04

Дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі на чале з прадстаўніком па нацыянальным адраджэнні Кабінета Паўлам Баркоўскім і спікерам Каардынацыйнай Рады Арцёмам Бруханам правяла сустрэчу з дырэктаркай кансулярнага дэпартамента МЗС Польшчы Юстынай Хржаноўскай і супрацоўнікамі дэпартамента.

Абмеркавалі ўмовы паступлення беларускіх студэнтаў у сувязі з увядзеннем абавязковай моўнай сертыфікацыі на ўзроўні В2 з 1 жніўня 2025 года і візавую падтрымку абітурыентаў і студэнтаў.

Дамовіліся, што дзяржаўныя службы Польшчы арганізуюць дадатковыя сесіі экзаменаў па польскай мове (B2) для замежных студэнтаў да канца 2025 г.

Замежныя студэнты, якія падалі дакументы да 1 жніўня 2025 г., маюць права на залічэнне без абавязковага сертыфіката (паводле афіцыйных тлумачэнняў Міністэрства навукі і вышэйшай школы і МЗС, апублікаваных на іх старонках).

Беларускім абітурыентам рэкамендуецца:

- падавацца на “нулявыя курсы” польскіх універсітэтаў для вывучэння мовы, што дазваляе рыхтавацца да наступнага навучальнага года і легальна знаходзіцца ў Польшчы;
- звяртацца ў прыёмныя камісіі ўніверсітэтаў праз механізм «umowy warunkowe», які не быў адменены і дазваляе універсітэтам прымаць рашэнне аб залічэнні паводле ўласных патрабаванняў у межах акадэмічнай аўтаноміі.

Юстына Хржаноўская падкрэсліла, што змена заканадаўства накіраваная на зніжэнне злоўжыванняў акадэмічнай сістэмай і павышэнне якасці навучання. Узровень беларускіх студэнтаў ацэньваецца высока, яны з’яўляюцца другой па колькасці групай замежных навучэнцаў у польскіх ВНУ.

Пры гэтым, нягледзячы на абмежаваныя рэсурсы, польскія консульскія службы надаюць пытанням адукацыі беларускіх студэнтаў асаблівую ўвагу:

- працягваецца праца прыярытэтных чэргаў для абітурыентаў у візавых аддзелах польскіх дыпламатычных устаноў;
- дзейнічае адмысловая візавая падтрымка для тых, хто паступае на моўныя курсы польскіх ВНУ.

Прадстаўніцтвамі па нацыянальным адраджэнні і па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета рыхтуюцца падрабязныя інструкцыі з юрыдычным абгрунтаваннем. Яны будуць апублікаваныя ў найбліжэйшы час.

@CabinetBelarus

Main carousel image