Маргарыта Ворыхава: «Мы працуем цяпер над пытаннем, якое датычыцца ўсіх беларусаў, студэнтаў, што паступаюць у Польшчу»
2025-09-04
Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Маргарыта Ворыхава ў эфіры «Еўрарадыё» распавяла пра парадак дня працоўных сустрэч у польскіх міністэрствах:
«Праблема ў тым, што месяц таму былі ўнесеныя новыя змены ў заканадаўства Польшчы, якія ўвялі абмежаванні ў працэс паступлення замежных студэнтаў у польскія ўніверсітэты. І гэтыя абмежаванні датычацца у тым ліку здачы моўных экзаменаў пры паступленні. Таму на гэтым тыдні ў нас адбыліся і яшчэ будуць сустрэчы з міністэрствамі замежных спраў, адукацыі і культуры.
Нам паведамілі пра тое, што будуць уведзеныя новыя магчымасці для здачы моўных экзаменаў. Мы ведаем, што былі даволі вялікія чэргі, і экзамены гэтай восенню былі даступныя толькі на ўзроўні С1, С2. Але будуць дадатковыя экзамены, каб даць магчымасць іх здаць большай колькасці студэнтаў і студэнтак.
Таксама будуць створаныя ўмовы, каб студэнты маглі прыехаць у Польшчу для гэтага. Консульствы будуць праінфармаваныя пра запыты беларускіх студэнтаў і будуць гатовыя прымаць іх і дапамагаць у пытаннях з візамі.
У міністэрстве адукацыі таксама рэкамендавалі паступаць на падрыхтоўчы “нулявы” год, так бы мовіць, і мець магчымасць прайсці больш паступовую інтэграцыю ў польскае грамадства, вывучыць мову, а ўжо потым паступаць ва ўніверсітэт.
Праблемы з апастылямі існуюць. Але я ведаю, што шмат універсітэтаў цяпер у Польшчы, Літве і іншых краінах прымаюць беларускія дакументы нават без апастылю, бо існуе сітуацыя, калі беларускі рэжым перашкаджае атрыманню апастыляў і імкнецца так ці інакш не дапусціць студэнцкую супольнасць да магчымасці вучыцца ва ўніверсітэтах Еўропы.
Універсітэты, як правіла, ідуць насустрач. Калі не – то можаце звяртацца да нас, у Аб’яднаны Пераходны Кабінет, і мы дапаможам знайсці рашэнне ў такіх сітуацыях».
@CabinetBelarus
