Павел Баркоўскі: «Рэжым гатовы ахвяраваць нацыянальнай ідэнтычнасцю дзеля ўтрымання пры ўладзе»
2025-09-04
Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Баркоўскі пракаментаваў адмову Лукашэнкі ўдзельнічаць у Круглым стале:
«Для кожнай нацыянальнай дзяржавы падтрымка і развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці натуральная і арганічная, бо дае падставу для існавання і культурнай адметнасці. У Беларусі ж сёння мы бачым міну запаволенага дзеяння пад самымі падмуркамі нашай дзяржаўнасці.
Адмаўляючыся ад Круглага стала і дыялогу з дэмакратычнымі сіламі, рэжым Лукашэнкі паступова зацягвае беларускі народ у пастку асіміляцыі і страты свядомасці.
Згублена амаль траціна інфармацыйнай незалежнасці: пасля рэпрэсій супраць журналістаў і стэрылізацыі медыяпрасторы многія беларусы пераходзяць на расійскія каналы. Скажаецца палітыка памяці: пад ціскам усходніх суседзяў, якія дамагаюцца сумесных падручнікаў і ўніфікацыі гісторыі, знішчаецца памяць пра ўласных герояў і мінуўшчыну.
Маштабная русіфікацыя і ганенні на незалежную культуру вядуць да катастрафічнага замяшчэння беларускага культурнага поля расійскім – ад кіно і тэатра да літаратуры і музыкі.
Рэалізуецца палітыка «нацыянальнага выраджэння»: апаленая зямля замест урадлівай нівы культуры. Ад знішчэння кнігавыдання і выціскання беларускай мовы з адукацыі да пераследу культурніцкіх ініцыятыў – усё гэта мэтанакіраванае ператварэнне Беларусі ў правінцыю Расіі. Адмова ад дыялогу сведчыць, што рэжым гатовы ахвяраваць нацыянальнай ідэнтычнасцю дзеля ўтрымання пры ўладзе.
Але сярод чыноўнікаў і супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў усё яшчэ ёсць людзі, якія разумеюць: толькі ўласная гісторыя і культура адпавядаюць нацыянальным інтарэсам беларусаў. Менавіта яны, а не карумпаваная верхавіна, павінны задумацца, як захаваць краіну для нашчадкаў. З імі і магчымы нацыянальны дыялог дзеля выхаду з сістэмнага крызісу.
Краіна, яе культура і народ – вышэй за часовую ўладу. Таму грамадзянская дамова і дыялог – адзіны шлях, які можа гарантаваць будучыню беларускай дзяржавы, якая не ператворыцца ў паўночна-заходні край».
@CabinetBelarus
