Уладзімір Астапенка: «Беларусь мае права быць суб’ектам міжнародных адносін, а не аб’ектам геапалітычных маніпуляцый»
2025-09-03
Прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Уладзімір Астапенка пракаментаваў адмаўленне Лукашэнкам удзелу ў Круглым стале:
«Прапанова Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па правядзенні Круглага стала мае сваёй стратэгічнай мэтай пошук шляхоў вырашэння глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу дзеля захавання суверэнітэту Беларусі, вяртання нашай краіны да прынцыпаў законнасці і павагі да правоў чалавека, а таксама аднаўлення нармальных умоў для яе знешнеэканамічнай дзейнасці.
Менавіта такі падыход, накіраваны на спыненне палітычнай ізаляцыі Беларусі і нармалізацыю міждзяржаўных адносін, падзяляюць нашыя галоўныя міжнародныя партнёры. Так, у вывадах Савета Еўрасаюза па Беларусі адзначана, што 27 дзяржаў-удзельніц ЕС падтрымліваюць “мірнае і дэмакратычнае вырашэнне крызісу праз інклюзіўны нацыянальны дыялог з шырокім удзелам грамадства, у прыватнасці Каардынацыйнай рады”, а Кангрэс ЗША ў Акце аб дэмакратыі, правах чалавека і незалежнасці Беларусі прызнаў Каардынацыйную раду як "легітымную інстытуцыю для ўдзелу ў дыялогу аб мірным пераходзе ўлады”.
Няздольнасць Лукашэнкі прызнаць відавочныя пагрозы суверэнітэту Беларусі і пачаць вырашэнне ўнутрыпалітычнага крызісу праз міжнародна прызнаныя механізмы дыялогу сведчаць аб тым, што рэжым не клапоціцца пра міжнародную суб’ектнасць Беларусі і яе здольнасць быць адказным і паважаным партнёрам на міжнароднай арэне.
Беларусь мае права быць суб’ектам міжнародных адносін, а не аб’ектам геапалітычных маніпуляцый. Круглы стол – гэта не слабасць, а праява палітычнай сталасці, якую дэманструюць дэмакратычныя сілы Беларусі ў сваіх намаганнях па захаванні незалежнасці краіны.
Упэўнены, што беларускі народ зможа паспяхова прайсці свой шлях да свабоды, аднаўлення законнасці і забяспячэння ўстойлівага развіцця нашай краіны ў еўрапейскай сям’і народаў»
@CabinetBelarus
