Вольга Зазулінская: «Адмова ад дыялогу паглыбляе няроўнасць і выціскае беларусаў з радзімы»
2025-09-02
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вольга Зазулінская – пра адмову Лукашэнкі ўдзельнічаць у Круглым стале:
«Хто ў Беларусі створыць умовы, каб людзі не масава і вымушана з’язджалі, а свядома абіралі будаваць жыццё дома?
Хто выпусціць неправамерна зняволеных удзельнікаў і ўдзельніц мірных пратэстаў 2020 года?
Хто верне ліцэнзіі сумленным адвакатам, месцы працы – звольненым выкладчыкам і бюджэтныя месцы – адлічаным студэнтам?
Хто адновіць легальную дзейнасць праваабарончых арганізацый?
Хто даможацца з’яўлення закона аб абароне ад хатняга гвалту?
Хто дэкрыміналізуе так званы “артыкул аб бяздзетнасці”?
Лукашэнка чарговы раз паказвае: гэта не ён.
Ды і ўся сацыяльная сістэма ў Беларусі сёння не дае адказаў на гэтыя пытанні. Яна не абараняе грамадзян: няроўнасць паглыбляецца, людзі пакідаюць радзіму ў пошуку бяспекі і працы, сутыкаюцца з ростам цэн і жывуць у пастаянным страху перад новымі рэпрэсіямі.
Адмова ад дыялогу – гэта сведчанне таго, што рэжым не бачыць патрэбы вырашаць рэальныя праблемы і фактычна выціскае з краіны ўсіх, хто нязгодны або не маўчыць.
Круглы стол – гэта магчымасць адкрыць размову пра будучыню і пачаць будаваць новую сацыяльную палітыку: справядлівую, чалавечную і скіраваную на абарону людзей, а не на ўтрыманне ўлады. Гэта шлях да Беларусі, дзе кожны адчувае сябе абароненым і мае надзею на годнае жыццё ў сваёй краіне».
@CabinetBelarus
