Павел Баркоўскі: «Дзень ведаў у Беларусі ператвараецца ў касплей савецкіх практык»
2025-09-01
Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі – да 1 верасня:
«1 верасня на постсавецкай прасторы адзначаецца як Дзень ведаў. У Беларусі ён усё больш ператвараецца ў недарэчны касплей савецкіх ідэалагічных практык на фоне адсутнасці нацыянальнай ідэі і няздольнасці замаскіраваць гэтую пустэчу высілкамі штатных ідэолагаў.
Сцэнарый першага ўрока ў гэтым годзе, распаўсюджаны “міністэрствам адукацыі“, нагадвае самыя горшыя практыкі “застою“: тыя ж пасланні ад піянераў у будучыню, хваласпевы правадыру, вырыванне зручных цытат і агульныя заклікі “шанаваць сваё“. Але гэтае “сваё“ не пра нацыянальную культуру ці мову, а пра гендарныя стэрэатыпы, безумоўную паслухмянасць уладам і “вялікую ролю прэзідэнта ў жыцці краіны“.
Замест інтэграцыі ў еўрапейскую і сусветную адукацыйную прастору, развіцця акадэмічных свабод і крытычнага мыслення, у Беларусі вяртаецца культ “патрыятычнага выхавання“ бяздумнага калектыву, гатовага без пытанняў выконваць вар’яцкія загады зверху. Гэта не крок наперад, а два крокі назад у ідэалагічны капкан. Выцягванне на паверхню зашмальцаваных практык і бязглуздых ідэй – сведчанне своеасаблівай ідэалагічнай некрафіліі.
Толькі еўрапейская перспектыва, сучасныя педагагічныя падыходы, акадэмічныя свабоды і далучэнне да агульнай адукацыйнай прасторы могуць стаць выйсцем. Планы дэмакратычнага транзіту ў адукацыі і навуцы (500 дзён) і праекты рэформ, падрыхтаваныя дэмакратычнай супольнасцю, прапануюць здаровую альтэрнатыву сістэмы».
@CabinetBelarus
