Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка ўзяў удзел ва ўрачыстасцях у Гданьску з нагоды 45-й гадавіны Жнівеньскіх пагадненняў

2025-08-31

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка прыняў удзел у святкаванні 45-й гадавіны падпісання Жнівеньскіх пагадненняў у Гданьску.

Прадстаўнік Кабінета таксама далучыўся да дэбатаў пад назвай «Nasza Solidarność» у Еўрапейскім цэнтры Салідарнасці, арганізаваных у прамым эфіры польскім нацыянальным тэлебачаннем TVP. У дыскусіі ўдзельнічалі Данута Валенса, Дамініка Лясота, Аляксандра Гнацюк і Базіль Керскі.

Павел Латушка:
«Гледзячы на падзеі 1980 года, мы павінны задаць сабе пытанне: ці маем мы права спыніцца сёння, у 2025-м? Тады рабочыя і ўсе, хто выйшаў на пратэсты, не спыніліся, і гэта прывяло да гістарычных зменаў у Польшчы і ва ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Мой адказ адназначны: не, мы не маем права здацца, бо не можам здрадзіць тым, хто сёння знаходзіцца ў турмах.

Безумоўна, вялікае значэнне ў часы Салідарнасці, як і сёння мае геапалітычны кантэкст. Але галоўны фактар гэта воля і жаданне народа дабіцца справядлівасці і перамен.

Таму сёння, калі мы гаворым пра «салідарнасць», мы маем надзею, што міжнародная салідарнасць будзе з намі да таго часу, пакуль бела-чырвона-белы сцяг не ўзнясецца над галоўнымі будынкамі ў сталіцы Беларусі. Але адказнасць за гэтыя перамены найперш ляжыць на нас, беларусах.

Тое, што зрабіла Польшча і польскі народ для беларусаў у гэтыя гады, ужо ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю беларуска-польскіх адносін.

Важна працягваць ізаляваць рэжым, але не беларусаў. Важна аддзяляць беларускі народ ад Лукашэнкі.

Салідарнасць гэта натхненне для нас працягваць барацьбу. Польскі досвед паказвае: калі не спыняцца, калі верыць і змагацца, то свабода абсалютна дасягальная. І беларусы гэтай мэты дасягнуць. Я ў гэта веру і буду працягваць барацьбу.

Беларускі народ працягвае супраціў. І доказ таму тое, што Лукашэнка не спыняе рэпрэсіі. Калі ён не спыняецца, значыць, ён ведае: беларусы не адмовіліся ад сваёй пазіцыі і працягваюць змагацца за сваю краіну».


У ноч з 31 жніўня на 1 верасня Павел Латушка разам з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім возьме ўдзел ва ўрачыстасцях на Вестэрплятэ, прымеркаваных да гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны.

@CabinetBelarus

Main carousel image