Аліса Рыжычэнка

Аліса Рыжычэнка (Alisa Ryzhychenka)
Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі
Дата і месца нараджэння:
19 снежня 1988 года, Полацк, Беларусь
Адукацыя:
У 2016 годзе атрымала ступень магістра эканомікі ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце (спецыялізацыя – рэгуляванне рэгіянальнай эканомікі). У дысертацыйным даследаванні прааналізавала рынак дзяржаўнай камерцыйнай нерухомасці Беларусі і выявіла страты бюджэту ў больш чым 30 млн долараў штогод з-за неэфектыўнага кіравання.
З 2019 года вучыцца ў Венскім універсітэце па праграме магістратуры палітычных навук (спецыялізацыя – Еўрапейскі саюз і еўрапеізацыя, міжнародная палітыка і развіццё). Даследуе палітычныя пратэсты ў Беларусі; завяршэнне праграмы чакаецца ў 2025 годзе.
Прафесійная і палітычная дзейнасць:
Беларуская эканамістка, праектная менеджарка, журналістка і палітычная актывістка. Мае досвед працы ў бізнес-сферы, медыя, даследаваннях і грамадзянскай супольнасці.
У 2011–2018 гадах працавала ў сферы камерцыйнай нерухомасці, кіравала праектамі будаўніцтва і продажу аб’ектаў, узначальвала аддзел з 25 супрацоўнікамі.
У 2020–2022 гадах была праектнай менеджаркай фонду «Краіна для жыцця», займалася рэалізацыяй праекта «Рэальная эканоміка» і расследаваннем карупцыйных схем, звязаных з беларускімі чыноўнікамі. У 2022–2023 гадах супрацоўнічала з фондам «Дыхай вольна» як незалежны эксперт, распрацоўвала адукацыйныя праграмы па супрацьдзеянні дэзінфармацыі і расійскай прапагандзе.
Кансультуе беларускія прадпрыемствы ў выгнанні, дапамагае з фінансаваннем і бізнес-планаваннем. Вядзе ўласны Youtube-канал «Аліса Рыжычэнка» і выступае вядучай эксперткай канала «PRO ГРОШЫ». Пастаянная экспертка «Еўрарадыё», супрацоўнічае з незалежнымі медыя Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і іншых краін (Malanka Media, Zerkalo, Belsat, DW, Der Standard, LRT, Delfi, VOA і інш.).
Валоданне мовамі:
беларуская (родная), руская (свабодна), нямецкая (С1), англійская (B1, Business English).