Дэмсілы прапанавалі міністарцы адукацыі і навукі Даніі ўзмацніць супрацоўніцтва з беларускімі акадэмічнымі ініцыятывамі
2025-08-29
Беларуская дэлегацыя на чале з кіраўніцай Кабінета Святланай Ціханоўскай сустрэлася з міністаркай вышэйшай адукацыі і навукі Даніі Крысцінай Эгелюнд. У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі і прадстаўніца беларускай дыяспары ў Даніі Лізавета Дубінка-Гушча.
Данія цяпер старшынствуе ў Еўрасаюзе, стала ўдзельнічае ў Радзе Паўночных краін. Гэтыя палітычныя аб’яднанні падтрымліваюць беларускую адукацыю і навуку.
Кіраўніца Кабінета падзякавала Даніі за падтрымку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, праграм студэнцкіх абменаў, адзначыла важнасць падрыхтоўкі новай беларускай эліты, якая прывядзе Беларусь да перамен і еўрапейскага выбару.
Святлана Ціханоўская прывітала рашэнне Даніі спыніць супрацоўніцтва з ўстановамі Беларусі, якія знаходзяцца пад ідэалагічным і палітычным кантролем рэжыму, і пры гэтым супрацоўнічаць з беларускім грамадствам, падтрымліваць даследчыкаў і навучэнцаў.
Абмеркавалі прапанаваныя Прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Кабінета пункты парадку сустрэчы:
• уключэнне беларускай грамадзянскай супольнасці ў еўрапейскія праграмы, у прыватнасці праграмы Паўночных краін, а таксама праграмы дацкіх ўніверсітэтаў;
• існуючую падтрымку Даніі праз спецыяльныя праграмы для незалежнай беларускай акадэміі, рэпрэсаваных навукоўцаў і студэнтаў, вымушаных пакінуць краіну праз забарону на прафесію і масавыя адлічэнні з ВНУ;
• прапановы па ўзмацненні супрацоўніцтва паміж дацкімі і беларускімі акадэмічнымі ініцыятывамі (у тым ліку ЕГУ, Універсітэт Валовіча);
• сумесныя даследчыя праграмы, у тым ліку па Балцкім рэгіёне;
• курсы павышэння кваліфікацыі для беларускіх настаўнікаў і дапамогу ў развіцці беларускамоўнай адукацыі;
• павелічэнне грантаў, стыпендый і акадэмічных рэзідэнцый;
• заснаванне сумесных магістарскіх і доктарскіх праграм у сферы балцкіх і паўночна-еўрапейскіх даследаванняў.
Прадстаўніца «Беладаніі» і Belarusian Research Network Лізавета Дубінка-Гушча ўзняла праблему, калі беларускія даследчыкі і студэнты праз уплыў вайны сутыкаюцца з абмежаваннямі ў Даніі з-за нібыта пытанняў бяспекі і патэнцыйнай рызыкі прамысловага шпіянажу. Міністарка Эгелюнд адзначыла неабходнасць стварэння справядлівых умоў для рэпрэсаваных акадэмікаў і паабяцала заснаваць рабочую групу для пошуку рашэння.
Напрыканцы сустрэчы Святлана Ціханоўская падарыла міністарцы Эгелюнд кнігу «Словы з Беларусі» з перакладамі сучасных беларускіх аўтараў на дацкую мову – як сімвал культурнай дыпламатыі і гатоўнасці Беларусі да супрацоўніцтва.
@CabinetBelarus

