Дэлегацыя дэмсіл у Даніі заклікала ўзмацніць падтрымку беларускай ідэнтычнасці і культуры
2025-08-29
Беларуская дэлегацыя на чале з кіраўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святланай Ціханоўскай сустрэлася з міністаркай еўрапейскіх спраў Даніі Мары Б’ерэ. У сустрэчы у тым ліку ўдзельнічалі амбасадарка Даніі ў Літве Грэта Сіласен і прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі.
Абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва ў прасоўванні інтарэсаў беларускага народа на еўрапейскіх пляцоўках, дапамога палітзняволеным, моладзевым арганізацыям, а таксама магчымасці падтрымкі беларускай ідэнтычнасці і культуры як адказу на пагрозы русіфікацыі і «рускага свету».
Павел Баркоўскі падчас размовы падкрэсліў асаблівую ролю Даніі ў падтрымцы беларускіх культурных і адукацыйных праграм на ўзроўні як МЗС, так і грамадскіх структур, такіх як Дацкі інстытут культуры.
Беларускі бок заклікаў Данію стаць адвакатам павелічэння падтрымкі адукацыйных і культурных праектаў у межах праграмы Ацэнкі патрэб грамадзянскай супольнасці Еўрапейскай камісіі.
Таксама Павел Баркоўскі прапанаваў лабіяваць удзел беларускіх арганізацый у праграме Creative Europe, што адкрыла б магчымасці для буйных культурных праектаў, асабліва ў кінавытворчасці.«Беларуская культура і ідэнтычнасць сёння дапамагаюць супрацьстаяць паглынанню і асіміляцыі, таму іх падтрымка адпавядае і патрэбам еўрапейскай бяспекі. Удзел дацкай дыпламатыі можа стаць важным крокам у бок еўрапейскага выбару беларусаў»,
– адзначыў Павел Баркоўскі.
Напрыканцы сустрэчы міністарцы Б’ерэ падарылі кнігу-білінгву «Словы з Беларусі» (на фота) – зборнік перакладаў сучасных беларускіх аўтараў на дацкую мову, падрыхтаваны беларускай дыяспарай у Даніі.
@CabinetBelarus
