Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Баркоўскі і Ворыхава – пра папаўненне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

2025-08-22

Павел Баркоўскі, прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі:

«Назіраючы інфармацыйную мітусню рэжыму ў “прававым полі“, можна прыгадаць хіба апошнія дні Трэцяга Рэйха. Такой колькасці “экстрэмісцкіх“ матэрыялаў, куды трапляюць адукацыйныя і культурніцкія праекты, уся віна якіх толькі ў спробе адстойваць і развіваць нацыянальную ідэнтычнасць або прапаноўваць еўрапейскую адукацыю беларускім дзецям узамен таго ідэалагічнага прадукту з утрыманнем адукацыйнага кампаненту, якім кормяць беларускіх студэнтаў на радзіме і ў РФ, – раней мы проста не бачылі.

Колькасцю забарон і спроб заціснуць усё незалежнае і беларускае рэжым Лукашэнкі толькі падкрэслівае ўласную агонію і немагчымасць кантраляваць думкі грамадства – інакш для чаго ўсе гэтыя забароны? Як тут не прыгадаць слыннае Тацыта: “Чым бліжэйшая дзяржава да заняпаду, тым больш шматлікія яе законы“».


Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве:

«Фармальна экстрэмісцкім абвешчаны не сам Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, а толькі яго медыяматэрыялы. Гэта важна разумець: гаворка не ідзе пра прызнанне ўстановы экстрэмісцкім фарміраваннем. Таму сітуацыя не патрабуе панікі і не азначае, што трэба тэрмінова пакідаць краіну ў лічаныя дні. Тыя, хто плануе вучыцца ў ЕГУ, яшчэ маюць час спакойна прыняць рашэнні і арганізаваць свой выезд.

Аднак рызыкі для абітурыентаў і студэнтаў існуюць. Рэкрутацыя і інфармацыйная праца адбываецца праз сайт і сацсеткі – значыць, любы, хто абіраў навучанне ў ЕГУ, патэнцыйна пад ударам. Калі маладыя людзі едуць паступаць ці вучыцца, сілавікі могуць на мяжы праверыць смартфоны, падпіскі, гісторыю ў браўзары.

Гэтая тактыка ўкладаецца ў агульную стратэгію рэжыму: заперці моладзь унутры краіны і не дапусціць яе доступу да еўрапейскай адукацыі. Улады бачаць, што шмат беларускіх студэнтаў выязджае, і спрабуюць стварыць “пузыр” кантролю, каб пакінуць моладзь у прасторы прапаганды.

Рэкрутынг на гэты навучальны год ужо скончаны. Але як набіраць студэнтаў у будучыні – вялікае пытанне. Улады мэтанакіравана ўдараюць па магчымасці беларусаў атрымліваць еўрапейскую адукацыю. Рэжым нішто не спыняе. Нават статус сапраўднага ўніверсітэта з еўрапейскай афіліяцыяй».


@CabinetBelarus

Main carousel image