Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Пазіцыя Кабінета: Без вырашэння беларускага пытання немагчыма забяспечыць усёабдымныя гарантыі бяспекі як для Украіны, так і для ЕС

2025-08-22

Намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка і спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан правялі сустрэчы з амбасадарамі і часовымі паверанымі Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Фінляндыі, акрэдытаванымі ў Варшаве, – з прадстаўнікамі ўсіх краін, кіраўнікі якіх прымалі ўдзел у сустрэчы ў Вашынгтоне разам з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Падчас сустрэчы Павел Латушка і Арцём Брухан перадалі еўрапейскім партнёрам пазіцыю Аб’яднанага Пераходнага Кабінета пра важнасць уліку сітуацыі ў Беларусі з пункту гледжання будучых гарантый бяспекі ў нашым рэгіёне Еўропы.

У сваёй пазіцыі Кабінет выказвае падтрымку падыходу кіраўнікоў ЕС, які адпавядае інтарэсам як Украіны, так і Еўрапейскага саюза ў справе спынення вайны, развязанай Расіяй пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны. Таксама ў ёй акцэнтуецца ўвага, што без вырашэння беларускага пытання немагчыма забяспечыць усёабдымныя гарантыі бяспекі як для Украіны, так і для дзяржаў-чальцоў ЕС.

Падкрэсліваецца, што ў Беларусі захоўваецца глыбокі ўнутраны палітычны крызіс, выкліканы масавымі рэпрэсіямі Лукашэнкі супраць беларускага грамадства. У пазіцыі змяшчаецца заклік да дзяржаў ЕС, ЗША і ўсіх партнёраў працягваць палітыку, у тым ліку ціску на рэжым, накіраваную на спыненне рэпрэсій у Беларусі, вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і дэкрыміналізацыю грамадскага і палітычнага жыцця ў краіне – што адкрые шлях да сапраўднага нацыянальнага дыялогу з грамадствам і правядзення свабодных і сумленных выбараў.

Для нас важна стратэгічная пазіцыя Еўрасаюза, Злучаных Штатаў і іншых краін-партнёраў, якая мусіць заключацца ў тым, што будучыня Беларусі павінна вызначацца самім беларускім народам і што Беларусь не можа быць пакінутая Крамлю ў якасці «суцяшальнага прызу» ў кантэксце любых дамоўленасцей пра гарантыі рэгіянальнай бяспекі.

Пазіцыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета была перададзена ўкраінскаму боку. Таксама ў найбліжэйшы час запланаваная сустрэча з амерыканскімі дыпламатамі.

З поўным тэкстам пазіцыі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета можна азнаёміцца на яго сайце.

@CabinetBelarus

Main carousel image