Вольга Зазулінская: «Калі вашыя блізкія падвяргаюцца пераследу – вельмі важна паведаміць пра гэта праваабаронцам»
2025-08-20
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі заклікала беларусаў дзяліцца інфармацыяй пра рэпрэсіі ў дачыненні да іх сваякоў і сяброў:
«Калі вашыя блізкія падвяргаюцца пераследу – вельмі важна паведаміць пра гэта праваабаронцам. Без вашых паведамленняў многія людзі застаюцца нават па-за абязлічанай статыстыкай і могуць быць пазбаўленыя неабходнай падтрымкі. Кожная гісторыя важная: калі вы перадаяце інфармацыю, праваабаронцы атрымліваюць магчымасць шукаць шляхі дапамогі.
Мы ведаем, што многія сем’і баяцца паведамляць пра затрыманне або прысуд сваіх родных. Рэжым запалохвае людзей: маўляў, калі гісторыя стане вядомай, становішча ў турме толькі пагоршыцца. Гэта няпраўда. Наадварот, чым больш інфармацыі атрымліваюць праваабаронцы, тым больш магчымасцей для абароны, дапамогі і ў будучыні — для вызвалення.
Звяртайцеся да праваабарончых арганізацый — Dissidentby (@dissidentBY) і ПЦ “Вясна” (@viasna_bot) — праз бяспечныя каналы сувязі. Дбайце пра сваю лічбавую бяспеку і паведамляйце пра выпадкі пераследу.
Калі вы не жадаеце, каб інфармацыя пра вашых блізкіх трапляла ў афіцыйныя спісы палітзняволеных, можна паведамляць з просьбай аб захаванні ананімнасці. Важна ствараць у тым ліку непублічныя спісы, якія выкарыстоўваюцца выключна для правабарончага маніторынгу сітуацыі і адраснай дапамогі».
@CabinetBelarus
