Сустрэча з польскім МЗС: пазіцыя па бяспецы і ўвага да праблем беларусаў – апастыль, чэргі на мяжы, паступленне ва ўніверсітэты
2025-08-19
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка і спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан сустрэліся са спецпрадстаўніком МЗС Польшчы Адамам Халацінскім і дыпламатамі міністэрства. У сустрэчы таксама ўдзельнічаў прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі.
Галоўнай тэмай стала важнасць увагі да Беларусі ў кантэксце кансультацый і перамоў ЗША, ЕС і Украіны па пытаннях рэгіянальнай бяспекі. Асобна падчас сустрэчы абмяркоўваліся і пытанні беларусаў, пражываючых у Польшчы.
Павел Латушка адзначыў, што Беларусь як краіна ў цэнтры Еўропы павінна стаць важным элементам рэгіянальнай стабільнасці, аднак цяпер, пры захаванні масавых рэпрэсій, парушэнняў правоў чалавека, пры прарасійскай палітыцы рэжыму Лукашэнкі і падтрымцы агрэсіі супраць Украіны, Беларусь не можа быць донарам бяспекі.
Павел Латушка перадаў агульную пазіцыю Аб’яднанага Пераходнага Кабінета прадстаўнікам МЗС Польшчы па ўмовах заканчэння вайны і гарантыях бяспекі для Украіны і рэгіёну з улікам беларускага фактару.
Прадстаўнікі дэмакратычных сіл таксама заклікалі ЕС падтрымліваць імкненне беларускага грамадства да дэмакратыі і свабоды і не змяняць палітыку ціску на рэжым, калі ён не зменіць ўнутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку.
Абмяркоўвалася праблема патрабавання апастылю на беларускіх дакументах, што стварае цяжкасці для беларусаў у Польшчы, бо наведванне Беларусі для іх небяспечнае або немагчымае.
Абмеркавана стварэнне міжміністэрскай рабочай групы пад кіраўніцтвам МЗС Польшчы для вырашэння праблем беларусаў у Польшчы – у банкаўскай сферы, адукацыі, культуры і інш. Першае пасяджэнне з удзелам прадстаўнікоў Кабінета і Офіса Святланы Ціханоўскай адбудзецца ў верасні.
Павел Латушка звярнуўся з просьбай да польскага МЗС звярнуць увагу на праблему вялікіх чэргаў на мяжы Беларусі і Польшчы пры ўездзе ў ЕС.
Павел Баркоўскі растлумачыў праблему, што паўстала праз немагчымасць своечасовага атрымання сертыфікатаў В2 па польскай мове для пераважнай колькасці беларускіх абітурыентаў, якім гэта замінае паступленню ў польскія ВНУ. Ён падкрэсліў, што Польшча застаецца адной з галоўных краін для паступлення беларускіх студэнтаў, дзе на сёння атрымліваюць адукацыю каля 13 тысяч навучэнцаў з Беларусі.
Беларускі бок перадаў польскаму МЗС канкрэтныя прапановы для вырашэння праблемы паступлення ў гэтым годзе. Яны былі падрыхтаваныя разам з моладзевымі і студэнцкімі арганізацыямі, а таксама ў межах супрацоўніцтва Прадстаўніцтваў па нацыянальным адраджэнні і па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета. Польскі бок прыняў да разгляду дадзеныя прапановы і пацвердзіў гатоўнасць больш дэтальна абмеркаваць іх у бліжэйшым часе ў МЗС.
@CabinetBelarus
