⚡️Адбылося пасяджэнне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі на чале з кіраўніцай Кабінета Святланай Ціханоўскай
2025-08-15
Падчас пасяджэння была падкрэслена важнасць намаганняў Злучаных Штатаў Амерыкі, накіраваных на вызваленне ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, і выказана падзяка за тое, што гэтае пытанне застаецца сярод прыярытэтных тэм у фокусе ўвагі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет працягвае прытрымлівацца паслядоўнай пазіцыі, якая заключаецца ў неабходнасці вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення ўсіх рэпрэсій у Беларусі і дэкрыміналізацыі грамадска-палітычнага жыцця краіны. Рэалізацыя такога падыходу павінна стаць неабходнай перадумовай для разгляду пытанняў пра часовае прыпыненне санкцый і, у далейшым, пра пачатак нацыянальнага дыялогу ў Беларусі, скіраванага на вырашэнне глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў краіне.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет упэўнены, што беларуская грамадскасць праявіць максімальную салідарнасць у дачыненні да вызваленых палітычных зняволеных, і пацвярджае сваю гатоўнасць аказаць максімальнае садзейнічанне ў гэтым пытанні.
У найбліжэйшыя дні чальцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета працягнуць актыўныя кансультацыі з амерыканскім бокам і з еўрапейскімі партнёрамі з мэтай уліку пазіцыі дэмакратычных сіл Беларусі ў пытаннях як вызвалення палітвязняў, так і вырашэння ўнутрыпалітычнага крызісу ў краіне.
@CabinetBelarus
