Праблемы моладзі і беларускай дыяспары ва Украіне: Ворыхава і Шаціліна ў эфіры «Еўрарадыё»
2025-08-15
Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Маргарыта Ворыхава і новапрызначаная кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве Святлана Шаціліна ў эфіры «Еўрарадыё» абмеркавалі праблемы беларускай моладзі ў Беларусі і за мяжой, а таксама патрэбы беларускай дыяспары ва Украіне і шляхі адвакацыі іх інтарэсаў перад украінскімі ўладамі.
📢 Маргарыта Ворыхава:
📌 Пра працу на пасадзе прадстаўніцы: «І ў Беларусі, і за мяжой збольшага сутнасць праблем беларускай моладзі супадае. Гэта пра доступ да магчымасцей. Магчымасцей навучацца, атрымаць добрую працу, весці годнае жыццё. Для мяне прыярытэтная праца – даць магчымасць для маладых людзей з Беларусі паступаць за мяжу, альбо для моладзі, якая ўжо з’ехала, атрымоўваць доступ да працы. У прынцыпе, усе праблемы, якія ёсць у нашай супольнасці агулам, тычацца і моладзі, у тым ліку легалізацыя. Асаблівасць у тым, што большасць моладзі – гэта фінансава ўразлівая група. Напрыклад, мы маем тых, хто залежны ад сваіх бацькоў, але бацькі не падтрымліваюць дэмакратычныя настроі».
📌 Пра магчымасці дэмсіл: «Было б добра, калі б беларускія дэмакратычныя сілы ўжо сёння мелі магчымасць мяняць законы, якія ўплываюць на вырашэнне праблем моладзі ў Беларусі. Але такой магчымасці мы пакуль не маем. Для беларусаў з Беларусі мы дамагаемся магчымасцей паступаць у замежныя ВНУ, вырашаем праблемы з дакументамі, легалізацыяй. Напрыклад, быў кейс з настрыфікацыяй дакументаў у Польшчы».
📢 Святлана Шаціліна:
📌 Пра прызначэнне і мэты: «Свой статус я хацела б выкарыстоўваць для таго, каб адвакатаваць праблемы беларускай супольнасці перад украінскімі ўладамі. Словы, якія лунаюць: «праблемы з легалізацыяй», «праблемы з добраахвотнікамі». Але трэба разабрацца, у чым канкрэтна праблема палягае, сістэматызаваць яе, адаптаць так, як гэта будзе зразумела ўкраінскім уладам».
📌 Пра працу на пасадзе намесніцы кіраўніцы Місіі: «Дыпламатычна скажу, што прыкладала намаганні, каб дагрукацца да ўсіх, да каго я магу, са сваімі прапановамі. Але на той момант гэта былі зачыненыя дзверы. Я ўдзячная спадару Манько, што ён грукаў у дзверы, якія знаходзяцца «вышэй», каб зараз я была ў цяперашнім статусе».
📌 Пра вобраз Беларусі і беларусаў ва Украіне: «Трэба правесці працу, каб растлумачыць, што ў Беларусі зараз дыхатамія: частка – гэта рэжым і яго людзі, частка – гэта дэмакратычна настроеныя грамадзяне, якія патрабуюць дапамогі, якія таксама пацярпелі. Украінскае грамадства ведае пра гэта вельмі мала. Трэба тлумачыць украінскім уладам, што такое дэмакратычныя сілы, каго яны прадстаўляюць, хто за імі стаіць».
@CabinetBelarus
