Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Кабінет накіраваў дадатковую інфармацыю і тлумачэнні ў МУС Польшчы па пытаннях прадстаўлення асабістых дакументаў часоў БССР/СССР

2025-08-14

З просьбай паўторна разгледзець указанні, згодна з якімі грамадзяне Беларусі, праходзячы адпаведныя адміністрацыйныя працэдуры ў польскіх дзяржаўных установах, павінны – замест дакументаў, выдадзеных у часы БССР/СССР – прадстаўляць дублікат такіх дакументаў, выдадзены сучаснымі беларускімі органамі з прастаўленым на іх апастылем, звярнуўся намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка ў афіцыйным лісце на адрас намесніка міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацея Душчыка. Таксама ліст накіраваны ў адрас МЗС Польшчы.

У лісце Павел Латушка падкрэсліў, што «ў адпаведнасці з указам Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года № 278 атрыманне такіх дублікатаў і апастылю магчыма выключна пры асабістай прысутнасці зацікаўленай асобы на тэрыторыі Беларусі альбо на падставе даверанасці, аформленай на тэрыторыі Беларусі.

Відавочна, што пераважная большасць беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь з-за рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі і працягваюць апазіцыйную дзейнасць у падтрымку дэмакратызацыі Беларусі, не могуць выехаць у Беларусь для выканання гэтых ўмоў. Вяртанне на радзіму пагражае ім пазбаўленнем свабоды і катаваннямі»
.

У лісце намесніку міністра ўнутраных спраў Польшчы Павел Латушка адзначыў беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій у Беларусі, падкрэсліўшы, што толькі са студзеня 2025 года ў дачыненні да беларусаў было распачата больш за 870 крымінальных спраў за ўдзел у легальных акцыях і маршах за мяжой, перш за ўсё ў Польшчы. Але, паколькі канкрэтны спіс асоб невядомы, вяртанне ў Беларусь пагражае крымінальным пераследам неабмежаванаму колу людзей.

Намеснік кіраўніцы Кабінета падкрэсліў гатоўнасць прадставіць дадатковую інфармацыю і тлумачэнні, а таксама звярнуўся з прапановай, пры неабходнасці, аб арганізацыі сустрэчы ў МУС Польшчы.

@CabinetBelarus

Main carousel image