Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Аб’яднаны Пераходны Кабінет шукае рашэнні для паступлення беларусаў у польскія ВНУ пасля змен у заканадаўстве

2025-08-14

Аб’яднаны Пераходны Кабінет ініцыяваў звароты да польскіх улад з прапановай правесці міжведамасную сустрэчу з удзелам Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі, МЗС Польшчы, Нацыянальнага агенцтва акадэмічнага абмену (NAWA) і прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл. Мэта – абмеркаваць магчымыя рашэнні ў сувязі з нядаўнімі зменамі ў правілах паступлення замежнікаў у польскія ВНУ.

Паводле новага распараджэння, усе замежныя студэнты павінны прад’явіць сертыфікат, які пацвярджае валоданне польскай мовай на ўзроўні не ніжэй за B2. Гэта патрабаванне пачало дзейнічаць 1 жніўня 2025 года без пераходнага перыяду.

Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета:
«Для беларусаў гэта азначае, што паступіць у польскую ВНУ зараз немагчыма без дзяржаўнага сертыфікату. Але сам іспыт на B2 адбудзецца толькі ў лютым 2026 года. У выніку, нават тыя, хто ўжо прайшоў конкурс, аплаціў навучанне і атрымаў ліст аб залічэнні, не могуць афіцыйна пачаць вучобу».

Кабінет зрабіў наступныя прапановы:

• увесці перыяд пераходных мер хаця б для тых, хто ўжо быў залічаны;
• прызнаць унутраныя моўныя тэсты ВНУ на адзін навучальны год;
• хутка правесці дадатковыя іспыты B2 у верасні – кастрычніку.

Абітурыентам Маргарыта Ворыхава рэкамендуе:

• кантактаваць са сваёй ВНУ і пісаць, што вы не былі праінфармаваныя пра новыя правілы, папрасіць, каб універсітэт звярнуўся ў Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі ці Упраўленне па справах замежнікаў з афіцыйным запытам;
• запісацца на найбліжэйшы іспыт (C1/C2 у лістападзе), нават калі гэта складана – гэта адзін з нешматлікіх шляхоў;
• калі ёсць магчымасць – разгледзець англамоўныя праграмы, для якіх патрабаванні могуць быць іншымі;
• не марнаваць грошы на фірмы, якія абяцаюць «вырашыць» пытанне, бо сітуацыя цалкам рэгулюецца дзяржаўнымі правіламі і «абходных шляхоў» не існуе.

@CabinetBelarus

Main carousel image