Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Вольга Зазулінская расказала пра выклікі і патрэбы ў гуманітарнай дапамозе беларусам

2025-08-14

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета ў інтэрв’ю «Еўрарадыё» адзначыла, што сістэма падтрымкі патрабуе лепшай каардынацыі і стабільных рэсурсаў, звярнула ўвагу на абмежаваныя магчымасці дапамогі людзям у Беларусі і за яе межамі, а таксама апісала іншыя праблемы беларусаў:

📌 Калі прыходзіць зварот, я накіроўваю чалавека ў профільныя арганізацыі. Я цягам 5 гадоў працавала ў гуманітарным сектары і ведаю, якія арганізацыі па якім кірунку працуюць. У мяне ёсць стасункі амаль з усімі. У большасці выпадкаў – нават калі партнёры не маюць адпаведнай праграмы дапамогі – яны ўсё роўна адгукаюцца. Так і працуем.

📌 Бывае, што людзі звяртаюцца не ў тую арганізацыю. Ім кажуць: у нас няма такой праграмы падтрымкі, мы вас перанакіроўваем да партнёраў. Часам гэта ўспрымаецца як адмова. Але важна разумець: звяртацца трэба ў тую структуру, якая дапамагае канкрэтнай мэтавай групе. Калі мы ўжо даём спасылку і накіроўваем, то гэта ўзгоднена. Чалавеку застаецца толькі звярнуцца. Людзей вельмі шмат, гэта заўсёды чарга. Тлумачым: трэба трошкі пачакаць.

📌 У форс-мажорах мы заўсёды не падрыхтаваныя. У нас няма адладжанай сістэмы, мы рэагуем на выклік. Гэта пытанне не да людзей, а да арганізацый і каардынацыі.

📌 Немагчыма сёння проста прыйсці да чалавека, які знаходзіцца ўнутры Беларусі, асабліва калі Кабінет прызнаны «тэрарыстычнай арганізацыяй». Пашыраць кола людзей у небяспецы праз непасрэдныя кантакты мы не можам. Напрыклад, у фондзе «Краіна для жыцця» працуе некалькі былых палітвязняў, у якіх ёсць свая гарызантальная камунікацыя. І праз яе мы даведваемся, каму патрэбна дапамога, нават калі гэтыя людзі непасрэдна да нас не звярталіся.

📌 Чалавек не можа апрацоўваць больш, чым ён фізічна здольны. У нас вельмі малыя адміністрацыйныя рэсурсы. Сродкі, якія паступаюць у рамках Міжнароднага гуманітарнага фонду для дапамогі палітвязням, могуць быць выкарыстаныя выключна на непасрэдныя патрэбы атрымальнікаў дапамогі. Яны не пакрываюць адміністрацыйныя выдаткі арганізацый, што стварае дадатковыя цяжкасці для працы каманд. Напрыклад, са студзеня па чэрвень каманда фонду «Краіна для жыцця» працавала без аплаты працы, як валанцёры.

📌 Калі я стала прадстаўніцай па сацыяльнай палітыцы, я склала паўнамоцтвы далучацца да кірункаў, звязаных з размеркаваннем гэтых сродкаў. Мая асабістая адказнасць – лабіяванне, каб рэсурсы працягвалі паступаць у фонд.

📌 Мы прыйшлі ў Прадстаўніцтва працаваць 9 месяцаў таму. У Кабінеце ўвогуле не было міграцыйнага кірунку. Таму мы стварылі працоўную групу, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады, Офіса Святланы Ціханоўскай, Асацыяцыі беларусаў Амерыкі. Таксама працуем у шчыльнай супрацы з камандай Паўла Латушкі.

📌 Калі заўтра 200 чалавек даставяць да мяжы з Польшчай, Літвой або Латвіяй, нам трэба намагацца, каб гэтыя краіны тэрмінова прынялі іх. Часта мы не ведаем загадзя, хто прыедзе і колькі будзе жанчын ці мужчын. У такіх выпадках можна аператыўна запытаць грошы ў Міжнароднага гуманітарнага фонду, каб зняць гатэль на першы час, але далей пачынаецца пытанне сістэмнай дапамогі – жыллё, дакументы, базавыя патрэбы. Многія вызваленыя не маюць нават даведкі аб вызваленні або асабістых рэчаў. Гэта сапраўдная гуманітарная праблема.

@CabinetBelarus

Main carousel image