Пяць гадоў Жаночай рэвалюцыі: ад мірных акцый з кветкамі да палітычнага прадстаўніцтва
2025-08-12
Першая намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета Юлія Міцкевіч звярнулася да беларусак у гадавіну першай жаночай акцыі салідарнасці 2020 года:
«Пяць гадоў таму, 12 жніўня 2020 года, беларускае грамадства знаходзілася ў шокавым стане ад наступстваў трох дзён беспрэцэдэнтнага гвалту. Тады жанчыны выказалі сваю гучную нязгоду і выйшлі на першую акцыю салідарнасці – з кветкамі і ў белым. Так пачалася наша Жаночая рэвалюцыя, за якой назіраў і якой захапляўся ўвесь свет.
Праз пяць гадоў мы працягваем наш мірны і салідарны супраціў: у грамадзянскім актывізме і палітыцы, у медыя і праваабароне, у нізавых ініцыятывах і дэмсілах, у лакальных супольнасцях і дыяспарах, унутры Беларусі і ў выгнанні.
Жаночае лідарства адрозніваецца разнастайнасцю досведаў, эмпатыяй і высокім узроўнем эмацыйнага інтэлекту. Жанчыны прыўносяць каштоўнасці інклюзіўнасці і недыскрымінацыі, бяруць на сябе адказнасць у самых складаных справах, валанцёраць у розных арганізацыях, выконваюць недаплачваемую працу па эмацыйным клопаце, выкарыстоўваюць негвалтоўную камунікацыю і прасоўваюць інтарэсы і патрэбы іншых. Мы гаворым голасам прыгнечаных, у тым ліку тых, у каго няма магчымасці гаварыць за сябе зараз, – жанчын-палітзняволеных.
Беларускія жанчыны паказалі сваю палітычную сілу і змянілі ход падзей, стварыўшы ўмовы для ўзнікнення агульнанацыянальнага пратэсту ў 2020 годзе. Нашы жаночыя маршы ўжо назаўжды ўпісаны ў яшчэ ненапісаныя падручнікі гісторыі.
Сёння я хачу сказаць кожнай беларусцы: ты не адна. Патрыярхат і дыктатарскі рэжым спрабуюць пераканаць нас, што мы знаходзімся ў сталай канкурэнцыі, зайздрасці і суперніцтве.
Але мы ведаем і адчуваем, што ў нас ёсць наша сястрынства і падтрымка сяброўкі сяброўкай. А зараз ёсць яшчэ і палітычнае прадстаўніцтва з боку Каманды па гендарнай роўнасці і ўразлівых групах, дзейнасць якой накіравана на абарону нашых правоў і пашырэнне магчымасцей.
Дзякуй вялікі, дарагія сёстры! З нашым днём! Жыве Беларусь!»
@CabinetBelarus
