Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Марафоны – не для ўсіх. Ваша права сыйсці з дыстанцыі. Але не спрабуйце тармазіць астатніх». Намеснік кіраўніцы Кабінета выступіў на канферэнцыі «Новая Беларусь»

2025-08-10

Павел Латушка адзначыў, што Лукашэнка, выкарыстоўваючы магутны апарат сілавых структур, рэпрэсій і выведкі, а таксама пры падтрымцы Расіі, імкнецца знішчыць створаную грамадствам альтэрнатыву. Ён падкрэсліў, што гэтая альтэрнатыва паўстала праз выбары і прадстаўлена абранай прэзідэнткай Святланай Ціханоўскай, Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, абранай Каардынацыйнай Радай, якая напярэдадні выказала вотум даверу Кабінету, а таксама шматлікімі ініцыятывамі і арганізацыямі. Павел Латушка нагадаў, што гэта сістэма грунтуецца на шырокім грамадзянскім руху, які пачаўся яшчэ ў 1990-я і атрымаў наймацнейшы імпульс у 2020 годзе.

«У чым заключаецца яго план сёння? Яго план мы бачым таксама і ў рэалізацыі на працягу гэтых 5 гадоў — пасадзіць у турмы нязгодных, выкінуць за мяжу тых, каго не ў стане пасадзіць, пазбавіць правоў, якія належаць грамадзяніну. Той, хто хоча працягваць жыць у краіне, павінен маўчаць альбо прыпаўсці на каленях, пакаяцца.

Знішчаючы такім чынам грамадскае асяроддзе, грамадскую ініцыятыву, ён хоча дамовіцца з ЗША, Еўропай, якія б закрылі вочы і забыліся пра яго злачынствы. Так было не раз на працягу дзесяцігоддзяў. Але пакуль ёсць наш грамадскі рух, дэмакратычныя інстытуты і грамадскія ініцыятывы, у яго гэта не атрымаецца, а значыць мы можам уплываць на яго і яго сістэму»,
– адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета.

Павел Латушка звярнуў увагу, што часам можа складвацца ўражанне, нібыта голас тых, хто заклікае да згоды з Лукашэнкам і спадзяецца на яго «ласку», гучыць мацней, чым голас тых, хто працягвае змагацца. Аднак учарашнія сацыялагічныя даныя сведчаць, што дух і воля ў беларусаў захаваліся. Тыя, хто адкрыта выступае супраць дэмакратычных сіл і дэманструе лаяльнасць да рэжыму, робяць гэта ўсё больш гучна і без страху пакарання. У той жа час прыхільнікі дэмакратычнага руху часта могуць выказаць падтрымку толькі асабіста або на закрытых сустрэчах, што стварае інфармацыйны дысбаланс. Павел Латушка падкрэсліў, што гэты дысбаланс не адлюстроўвае рэальнага стану рэчаў:

«Мы чуем асобныя галасы – нам трэба самараспусціцца, разыйсціся. Уявіце сабе, мы разыйдземся па розных кватэрах. Тады ўзнікае пытанне, дзе мы будзем выпрацоўваць аб’яднаную пазіцыю?».

Павел Латушка адзначыў, што ў грамадскай дыскусіі часам гучаць заявы пра тое, што мэты дэмакратычных сіл занадта амбіцыйныя, што іх дасягненне нібыта немагчымае, і таму варта знізіць чаканні ці нават прызнаць паразу. Ён падкрэсліў, што той, хто адмовіўся ад сваіх мэтаў або панізіў планку, выходзіць з гонкі, і марафон сапраўды не для ўсіх. Гэта асабістае права — сысці з дыстанцыі, але нельга тармазіць або спыняць іншых. На яго думку, цяпер дэмакратычныя сілы знаходзяцца на беспрэцэдэнтным этапе – узровень знешняга ціску на рэжым Лукашэнкі, аб’ёмы гандлёвых і персанальных санкцый, а таксама ўвага міжнародных інстытутаў правасуддзя да яго злачынстваў яшчэ ніколі не былі такімі высокімі. Таксама яшчэ ніколі не існавала такой сістэмы палітычных інстытутаў, якой валодаюць дэмакратычныя сілы сёння.

«Як прадстаўнік Кабінета па транзіце думаю, што ў перспектыве, магчыма ў бліжэйшы час могуць з’явіцца тыя магчымасці, якія, вядома, залежаць ад геапалітычнай сітуацыі, і якія створаць перадумовы для пэўных тактычных і нават стратэгічных рашэнняў па Беларусі. І прынятая Кабінетам у пятніцу Заява аб ініцыятыве правядзення нацыянальнага дыялогу – гэта не «пажаданае мысленне». Гэта тое, да чаго мы ідзем – аб’яднанымі.

Стратэгія, якую мы абралі – аб’яднання, ціску, ізаляцыі рэжыму, міжнароднага прызнання нас і непрызнання яго, падтрымку нацыянальнай культуры, адукацыі, моцная інфармацыйная праца ўнутры Беларусі і ў перспектыве Круглы стол – гэта слушная стратэгія. Яна доўгая, цяжкая, не кожны вытрымлівае, але трэба ісці гэтым шляхам»,
– падкрэсліў Павел Латушка.

@CabinetBelarus

Main carousel image