Павел Латушка – чыноўнікам Лукашэнкі: «Думайце, аналізуйце, не здзяйсняйце злачынстваў»
2025-08-09
На палях канферэнцыі «Новая Беларусь» намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка звярнуўся да чыноўнікаў, якія застаюцца ў сістэме Лукашэнкі:
«Каля 70 замежных дыпламатаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый прысутнічаюць на канферэнцыі “Новая Беларусь“. І вельмі важна, што сёння нас прывітаў спецыяльны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы Адам Халацінскі, які адказвае за супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Амбасадар Халацінскі павітаў нас ад імя віцэ-прэм’ера Польшчы, міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага і падкрэсліў: польскі бок вельмі рады, што канферэнцыя “Новая Беларусь“ адбываецца ў Варшаве. Ён адзначыў, што гэта яшчэ адно пацвярджэнне разумення і падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі Польшчай, а таксама сведчанне даверу дэмакратычных сіл Беларусі да польскага боку.
“Мы будзем працягваць падтрымліваць праекты, інстытуты, прапаноўваючы наш досвед, перш за ўсё, наша партнёрства і сяброўства. Беларускія дэмакратычныя сілы могуць разлічваць на падтрымку Польшчы. Стварэнне дэмакратычных інстытутаў – гэта важны сродак для дасягнення вашай мэты, незалежнай і дэмакратычнай Беларусі“, – сказаў спадар Халацінскі. І я хацеў бы выказаць яму шчырую ўдзячнасць, як і ўсім нашым міжнародным партнёрам.
І я звяртаюся да чыноўнікаў Лукашэнкі. Думайце, аналізуйце, не здзяйсняйце злачынстваў. Мы прапануем вам нацыянальны дыялог, мы прапануем вам Круглы стол. Ёсць для гэтага ўсе перадумовы. Беларускі народ не скарыўся, не змяніў свой пункт гледжання.
Калі Лукашэнка кажа, што з ім большасць, хай матэматыкай зоймецца. Паглядзіце, колькіх ён рэпрэсаваў і выкінуў з краіны? Мільён. А ў кожнага з іх ёсць родныя, знаёмыя, блізкія. Мы не апазіцыя, нас большасць. І гэтая большасць, я перакананы, пераможа»
@CabinetBelarus
