Маргарыта Ворыхава падвяла вынікі працы і акрэсліла выклікі ў моладзевай палітыцы
2025-08-08
Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Маргарыта Ворыхава на слуханнях у Каардынацыйнай Радзе прадставіла вынікі дзейнасці за год.
Яна нагадала, што для падтрымкі моладзі ў Беларусі і выгнанні запрацавала платформа This is Youth, а таксама выдадзена больш за 30 гайдаў для прававой дапамогі. Праведзена звыш 150 індывідуальных кансультацый па адукацыі, працаўладкаванні і іншых пытаннях, створана форма для хуткіх зваротаў.
Для моладзевых арганізацый і студэнцкіх сетак арганізаваныя курсы па альтэрнатыўных крыніцах фінансавання, ментарынг і кансультацыі па пошуку рэсурсаў і партнёрстваў.
Ворыхава адзначыла, што міжнароднае супрацоўніцтва ахоплівае кантакты з ААН, ЕС, Радай Еўропы, Sida, нацыянальнымі моладзевымі саветамі, міністэрствамі, амбасадамі і ўніверсітэтамі. Праводзяцца рэгулярныя брыфінгі і сустрэчы для прасоўвання моладзевага ўдзелу на міжнародных пляцоўках.
Камунікацыя ў сацсетках забяспечвае штомесячна каля 15 тыс. праглядаў у Instagram і да 700 тыс. у TikTok, прычым 67% аўдыторыі знаходзіцца ў Беларусі.
Сярод асноўных выклікаў яна назвала недахоп чалавечых і фінансавых рэсурсаў, адсутнасць сталага камунікацыйнага штабу, недастатковы ахоп моладзевых груп у ЕС і немагчымасць наладзіць стабільныя кантакты з моладдзю ў Беларусі з-за рызыкаў і праблем бяспекі.
@CabinetBelarus




