«Гэтым жэстам мы хочам выказаць салідарнасць». Мэрыя Варшавы падсветліць Палац культуры і мост Сілеска-Дамброўскага ў бела-чырвона-белыя колеры 9 жніўня
2025-08-07
У адказ на зварот ад намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі і в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Паўла Баркоўскага ў адрас Варшаўскай мэрыі з просьбай падтрымаць ініцыятывы, звязаныя з адзначэннем 5-й гадавіны Рэвалюцыі Годнасці, Прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі даў даручэнне аб бясплатным падсвятленні фасадаў Палаца культуры і навукі, а таксама моста Сілеска-Дамброўскага ў колеры нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга 9 жніўня 2025 года.
«Гэтым жэстам мы хочам выказаць салідарнасць з беларускамі і беларусамі ў сімвалічны для іх дзень», – адзначаецца ў афіцыйным адказе Варшаўскай мэрыі.
Таксама ў лісце паведамляецца, што па ўзгадненні з арганізатарамі канферэнцыі «Новая Беларусь» у мерапрыемстве прыме ўдзел прадстаўніца мэрыі сталіцы Польшчы.
Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі:«Дзякуем кіраўніцтву Варшавы за гэты выразны знак салідарнасці з беларускім народам. З беларусамі, якія працягваюць змагацца і верыць у свабоду для нашай Радзімы. Тое, што зрабіла кіраўніцтва Польшчы і польскае грамадства за гэтыя 5 гадоў для дэмакратычнай Беларусі ўжо ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю беларуска-польскіх адносін».
Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі:«Гэта падсвятленне – сведчанне таго, што Варшава не забываецца пра беларускую барацьбу. Мы ўдзячныя за гэтую падтрымку, асабліва ў такі важны дзень для ўсіх, хто працягвае змагацца».
@CabinetBelarus
