Падчас слуханняў у Каардынацыйнай Радзе прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета Вадзім Кабанчук агучыў Пастанову аб падтрымцы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне
2025-08-07
У пастанове адзначаецца, што «беларускія добраахвотнікі – абаронцы незалежнасці, гонару і годнасці дэмакратычнай Беларусі». Сярод іншага Кабінет лічыць неабходным замацаваць за імі і іх сем’ямі права на:
- штомесячную дапамогу, памер якой будзе вызначаны дэмакратычным урадам;
- пенсію ў памеры не менш за 200% сярэдняй зарплаты ў Беларусі;
- медыцынскую дапамогу, жыллёвую падтрымку, ільготы пры паступленні ва ўстановы адукацыі, бясплатную юрыдычную дапамогу;
- іншыя меры сацыяльнай абароны, прадугледжаныя законам «Аб ветэранах».
Рэалізацыя гэтых правоў разглядаецца як частка палітыкі пераходнага перыяду. Асобна падкрэсліваецца, што развіццё супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю, міжнароднымі партнёрамі і спецыялізаванымі фондамі дзеля падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў з’яўляецца адным з прыярытэтаў дзейнасці Кабінета.
Пастанова таксама вызначае задачы прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы: весці сістэмны маніторынг патрэб, рыхтаваць прапановы і прадстаўляць Кабінету аналітычныя матэрыялы для прыняцця далейшых рашэнняў.
Пастанова не абмяжоўвае і не адмяняе дапамогу, якая можа быць прадастаўлена беларускім добраахвотнікам у адпаведнасці з заканадаўствам іншых краін.
Пастанова была прынята на пасяджэнні Кабінета 29 ліпеня ў Літве.
@CabinetBelarus
