«Фактар беларускіх добраахвотнікаў можа паслужыць расколу беларускай арміі» – Вадзім Кабанчук
2025-08-06
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, у інтэрв’ю Еўрарадыё пракаментаваў стан падрыхтоўкі да магчымай эскалацыі, ролю беларускіх добраахвотнікаў, перспектывы стварэння нацыянальнага войска і падтрымку на міжнародным узроўні:
📌 Пра магчымасць з’яўлення нацыянальнага войска за мяжой: «Шмат якія рэчы ў найноўшай гісторыі сталі рэальнымі, хаця раней мы не маглі нават пра іх марыць. Мне ўжо аднойчы казалі: “Тое, пра што ты кажаш, нерэальна“. І тут раз – паўстае нацыянальнае беларускае падраздзяленне ў складзе Узброеных сіл Украіны. <…>
Казаць, што зараз еўрапейцы з-за боязі пачатку агрэсіі дадуць дазвол беларусам увайсці ў мілітарныя фарміраванні, на сёння немагчыма. Але што будзе далей, пакажа толькі час. Прыклад Украіны я ўжо прывёў»
📌 Пра прапанову змен у еўрапейскім заканадаўстве: «На некалькіх апошніх сустрэчах я казаў пра магчымасць змен у еўрапейскім заканадаўстве для дазволу службы для замежнікаў, нават не педаліруючы, што гэта «для беларусаў». Як паказвае досвед Украіны, у выпадку эскалацыі на тэрыторыю ЕС прыбудуць тысячы добраахвотнікаў, з розных краін. А заканадаўствы гэтых краін не дазваляюць прымаць іх на службу».
📌 Пра вучэнні «Захад 2025»: «Вайскоўцы заўсёды рыхтуюцца да самых горшых сцэнарыяў. Мы бачылі 2021 і 2022 гады, хлуслівыя заявы беларускага рэжыму, у тым ліку так званага міністра абароны Хрэніна, што нападу на Украіну з тэрыторыі Беларусі не будзе. Таму і да цяперашніх заяў рэжыму няма даверу. Падчас поўнамаштабнай вайны любая канцэнтрацыя ўзброеных сіл – а армія Беларусі ўспрымаецца на Захадзе як арганічны працяг арміі Пуціна – гэта пагроза».
📌 Пра тое, чым беларускія добраахвотнікі раздражняюць рэжым: «Тым, што паказалі прыклад наўпроставага змагання. Упершыню, напэўна, за дзясяткі гадоў беларусы задзейнічаныя ў нацыянальным супраціве фізічна. Фактар беларускіх добраахвотнікаў можа паслужыць расколу беларускай арміі».
📌 Пра абавязкі як прадстаўніка Кабінета: «Я бы мог спаслацца на сайт Кабінета, які нарэшце запрацаваў, там ёсць старонка Прадстаўніцтва па абароне і нацыянальнай бяспецы – і заўвага, што пераважная большасць дзеянняў “у цені“. Пра што я магу казаць. Па-першае, пра арганізацыю дапамогі беларускім добраахвотнікам ва Украіне. Па-другое, пра распрацоўку пратаколаў дзеянняў на выпадак эскалацыі: падрыхтаваны шэраг крокаў, якія мы будзем рабіць у выпадку пашырэння канфлікту ў нашым рэгіёне. Па-трэцяе, гэта сустрэчы з еўрапейскімі партнёрамі, інфармаванне, прамацванне глебы».
📌 Пра канферэнцыю «Новая Беларусь»: «На канферэнцыі “Новая Беларусь“, наколькі мне вядома, будуць прымацца кадравыя рашэнні, у тым ліку па кірунку працы дэмакратычных сіл Беларусі з Украінай. <…>
На канферэнцыі будзе агучаная Пастанова аб падтрымцы беларускіх добраахвотнікаў, у якой прапісаныя рэальныя рэчы, якія запрацуюць у новай Беларусі і часткова будуць працаваць ужо зараз»
@CabinetBelarus
